Лідэр “Партнэрства” затрыманы і дастаўлены на Акрэсьціна

Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна прывезьлі лідэра незарэгістраванай непалітычнай арганізацыі “Партнэрства” Міколу Астрэйку.
Рэч у тым, што яшчэ 29 кастрычніка яго затрымалі разам з 70 сябрамі ўстаноўчай канфэрэнцыі супрацоўнікі спэцназу. Маскоўскі суд прысудзіў тады Міколу Астрэйку 15 сутак арышту. Па 15 сутак атрымалі і ягоныя намесьнікі - Эніра Браніцкая і Аляксандар Бондараў. Пазьней гарадзкі суд зьменшыў тэрмін пакараньня Эніры Браніцкай да 10 сутак. А Міколу Астрэйку са спцпрыёмніка-разьмеркавальніка хуткая дапамога завезла ў шпіталь - у яго была тэмпэратура і праблемы з ныркамі.

Цяпер, калі Мікола Астрэйка паправіўся, супрацоўнікі міліцыі наведалі яго дома, калі там нікога з родных не было, і забралі яго ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік. Як стала вядома ад супрацоўнікаў гэтай установы, Мікола Астрэйка мусіць адседзець яшчэ 11 сутак, якія ён не адседзеў з тых 15-ці.

Сябры Міколы Астрэйкі кажуць, што гэта вельмі сымбалічна, калі лідэра арганізацыі, якая займаецца выключна назіраньнем за выбарамі, арыштавалі на другі дзень пасьля абвяшчэньня аб старце выбарчай кампаніі.