У Кіеве правялі акцыю салідарнасьці зь Беларусьсю

Паўло Зуб’юк, Кіеў Сёньня ў Кіеве адбылася акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, арганізаваная незалежнымі грамадзкімі актывістамі.
У сёньняшняй акцыі, ў адрозьненьні ад той, якая адбылася месяц назад, удзельнічалі некалькі грамадзкіх арганізацыяў, такіх як “Міжнародная Амністыя”, Украінскі хэльсынскі саюз па правох чалавека, Альянс “Майдан”.

Вось як пракамэнтавала свой удзел у акцыі Галіна, сябра “Міжнароднае Амністыі”:

(Галіна: ) “Я зьяўляюся прадстаўніком “Міжнароднае Амністыі”. Мы прыйшлі сюды, каб паставіць сьвечку пашаны ахвяраў парушэньня правоў чалавека. Таксама гэта сымбаль надзеі на тое, што хутка свабода слова і свабода думкі ў Беларусі ня будзе злачынствам”.

Удзельнікі акцыі паставілі сьвечкі на тратуары насупраць манумэнта Незалежнасьці. У гэты час тут жа праводзілі пікет прадстаўнікі радыкальнае антыюшчанкаўскае партыі “Братство”. Яны трымалі партрэты Лукашэнкі і скандавалі “Лукашэнка – forever!”

Цікава тое, што ў 1996 годзе сёньняшні кіраўнік “Братства” Зьмітро Карчынскі, які тады ўзначальваў арганізацыю УНА-УНСО выступаў катэгарычна супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі і арганізоўваў паездкі сяброў гэтае арганізацыі на апазыцыйныя акцыі ў Менск.

Вось як адказаў на пытаньні адзін з удзельнікаў гэтага пікету, які не пажадаў называць сваё імя:

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы ўжываеце ангельскае слова “Forever”, а не расейскае “навсегда””?

(Удзельнік: ) “Не гучыць... Мы тут сабралісь... Мы сабралісь тут... У першую чаргу каб... Як гэта Вам патлумачыць... Сабралісь тут, каб паказаць волю ўкраінскага народу, што мы хочам адзіных стандартаў, стандартных законаў зь Беларусьсю. Каб у нас быў адзін легітымны прэзыдэнт, значыць, каб былі правільныя законы, каб мы ўпатраблялі нашыя родныя прадукты, якія растуць на нашых палетках, а не кармілі НАТО і ЭЗ”.

Каб пазьбегнуць канфлікту з пралукашэнкаўскімі сіламі, удзельнікі акцыі салідарнасьці перайшлі на другі бок вуліцы, дзе працягнулі акцыю. Скончылася яна тым, што са сьвечак на тратуары ўдзельнікі акцыі выклалі вялікае чысло 16.