Пяць прычынаў, чаму выбары ў сакавіку выгадны Лукашэнку

Сяргей Навумчык, Прага Аналітыкі адзначаюць, што прызначэньне прэзыдэнцкіх выбараў на 19 сакавіка замест, як меркавалася, чэрвеня альбо ліпеня, значна звужае магчымасьці апазыцыі.
Можна назваць як мінімум пяць чыньнікаў, неспрыяльных для апанэнтаў цяперашняга кіраўніка дзяржавы пры правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка.

Па-першае, ускладняецца збор подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў, паколькі зімой значна складаней зьбіраць іх у пікетах на вуліцах, чым ў цёплы час. Вопыт збору подпісаў за апазыцыйных кандыдатаў у 2001 годзе паказаў, што на прадпрыемствах ці ў навучальных установах зьбіраць гэтыя подпісы будзе праблематычна.

Па-другое, апазыцыйныя кандыдаты маюць розную ступень вядомасьці. Адны ў палітыцы ужо больш за дзесяць гадоў, другія – параўнальна нядаўна. Ва ўмовах манапалізацыі СМІ для тых кандыдатаў, хто адносна мала вядомы, скарачаецца час так званай “раскруткі”.

Трэцяе. Праз тыдзень пачынаюцца Каляды, затым – Новы год, а потым – два тыдні да “старога” Новага году. Гэта – час перадсьвяточных клопатаў і “адзначэньняў” за сталом. Большасьць не абмяжоўваюцца сокам ці мінэральнай вадой. Звычайна гэта – мёртвы час для палітыкі (дарэчы, гэта ўласьціва ня толькі для Беларусі – ужо цяпер у Эўропе пачынаецца палітычны “мёртвы сэзон”, праўда, тут ён скончыцца з пачаткам студзеня).

Чацьвёртае. Нацыянальна арыентаваная частка апазыцыі звычайна прымяркоўвае пачатак веснавых палітычных акцыяў да гадавіны ўтварэньня БНР, 25 сакавіка. І гэта, у вядомай ступені, зьяўляецца мабілізуючым фактарам для прыхільнай да апазыцыі часткі электарату. У 2006 годзе выбары адбудуцца на тыдзень раней.

І, нарэшце, пятае. Нядаўна амэрыканскі часопіс “TIME” у рэпартажы зь Менску прывёў словы ананімнага супрацоўніка міліцыі, які сказаў прадстаўніку апазыцыі, што калі вы выводзіце на вуліцу некалькі сотняў чалавек – мы вас зьбіваем, а калі выведзеце сто тысяч – мы пяройдзем на ваш бок. Той жа “TIME” цытуе словы Аляксандра Мілінкевіча пра намер вывесьці людзей на вуліцы пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў, калі гэтыя выбары будуць сфальсыфікаваныя. Але 19 сакавіка ў беларускіх кліматычных умовах – гэта зіма. І сабраць некалькі дзесяткаў тысяч чалавек на Кастрычніцкай, напрыклад, плошчы не на адну гадзіну, а на значна большы час – у сакавіку непараўнальна цяжэй, чым летам.

Зрэшты, апошні аргумэнт можа быць абвергнуты леташнім прыкладам Украіны – на Майдане Незалежнасьці людзі дні і ночы стаялі пры мінусавой тэмпэратуры. Але – дамагліся перамогі.

На гэты момант мы яшчэ ня можам казаць пра нейкую канкрэтную колькасьць магчымых удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі. Пра ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах заявілі, акрамя Лукашэнкі, Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін, Аляксандар Мілінкевіч і Зянон Пазьняк – я падаю паводле альфабэту. Гэта тыя палітыкі, якія адназначна выказалі такое жаданьне. Акрамя таго, у якасьці магчымых кандыдатаў называюць Аляксандра Вайтовіча, Уладзімера Коласа, Пятра Краўчанку, Васіля Лявонава, Валерыя Фралова. Такім чынам – дзесяць чалавек, з розным палітычным стажам, з рознай ступеньню вядомасьці. Але ўжо праз тыдзень, калі скончыцца тэрмін падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп, мы ўжо будзем пэўна ведаць, за каго будуць зьбіраць подпісы. Паводле заканадаўства, кандыдатамі будуць зарэгістраваныя і трапяць у выбарчыя бюлетэні тыя палітыкі, якія зьбяруць ня менш як 100 000 подпісаў, афіцыйна прызнаных Цэнтральнай выбарчай камісіяй.