У Кіеве сустрэліся сябры саюзаў пісьменьнікаў дзьвюх краінаў

Паўло Зуб’юк, Кіеў У Кіеве адбылася сустрэча сяброў саюзаў пісьменьнікаў Украіны і Беларусі. Сярод пытаньняў, якія разглядалі пісьменьнікі, было вылучэньне кандыдатуры Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію, узаемадзеяньні пісьменьніцкіх арганізацыяў краінаў постсавецкае прасторы, аднаўленьне традыцыі ўзаемных перакладаў і іншыя.
Вось як пракамэнтаваў вынікі сустрэчы старшыня Саюзу пісьменьнікаў Украіны Ўладзімір Яварыўскі:

(Яварыўскі: ) “Сама сытуацыя паклікала. Трэба умець інтэлігенцыі, пісьменьнікам абараняць ня толькі сваё слова, але і вельмі часта – свой лёс, сваё права гаварыць праўду. Дзеля гэтага мы задумалі і зьвяртаемся цяпер да сваіх калег-пісьменьнікаў з постсавецкіх краінаў стварыць пастаянна дзейную асацыяцыю пісьменьнікаў, штосьці накшталт постсавецкага Пэн-клюбу”.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Украіны таксама адзначыў, што ў будучай міжнароднай пісьменьніцкай асацыяцыі ўжо згадзіліся удзельнічаць пісьменьніцкія арганізацыі шэрагу краінаў былога СССР і ягоных сатэлітаў. Расея пакуль што далучацца ня будзе, паколькі там адсутнічае адзіная моцная пісьменьніцкая арганізацыя.

Візыт беларускае дэлегацыі прайшоў пасьпяхова, лічыць беларускі пісьменьнік Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Усё зроблена, мы займелі падтрымку ад нашых сяброў з Саюзу пісьменьнікаў Украіны у тым, што датычыцца нашае ініцыятывы аб вылучэньні Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Больш за тое – тут нарадзілася вельмі цікавая і важная прапанова стварыць непалітычную творчую пісьменьніцкую асацыяцыю пад умоўнай назвай “Слова бязь межаў”.

Увечары ўкраінскія і беларускія пісьменьнікі правялі адкрытую сустрэчу ў будынку Саюзу пісьменьнікаў Украіны з усімі зацікаўленымі ў іх творчасьці.

***

Сёньня ж у Кіеве пабывала намесьніца старшыні Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская. Галоўнай мэтай візыту было стварэньне актыўнае беларускае суполкі ў Кіеве.

Паводле словаў спадарыні Шыдлоўскай, першай мэтай беларускае суполкі Кіева павінна быць аб’яднаньне мясцовых беларусаў, усталяваньне кантактаў паміж імі. Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ўжо цяпер мае мэтадычныя напрацоўкі, матэрыялы, дзякуючы якім могуць эфэктыўна разьвівацца такія асяродкі, ахопліваць усё больш беларусаў з дыяспары, устанаўляць кантакт і паміж сабой, і з гістарычнай радзімай.

У пэрспэктыве можна спадзявацца на адкрыцьцё беларускіх клясаў у кіеўскіх школах, а далей – нават і беларускіх школ, лічыць спадарыня Шыдлоўская.

(Шыдлоўская: ) “Таму я праз Радыё Свабода хачу зьвярнуцца да ўсіх, хто слухае, чытае ў Інтэрнэце, хачу зьвярнуцца да беларусаў, якія жывуць як у самім Кіеве, так і ў іншых гарадох Украіны – выходзьце з намі на кантакт”.

Кантактная электронная пошта Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” – zbsb@tut.by. Старонка ў сеціве – www.zbsb.org.