Статкевіч: "Улада вельмі баіцца свайго народу, гэта ўжо панічны страх"

Радыё Свабода Чаму, нягледзячы на шматлікія пратэсты, палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні рэпрэсіўныя папраўкі ў крымінальны кодэкс без ніякіх зьменаў? Гэтыя зьмены ў заканадаўства – прыкмета сілы ці слабасьці ўлады?
(Дракахруст: ) “Спадар Статкевіч, у сувязі зь пятнічным галасаваньнем было прыгадана, што ў 1934 годзе на так званым “зьезьдзе пераможцаў” ВКП б усе горача віталі таварыша Сталіна, да наступнага XVIII зьезду ў 1939 годзе дажыло толькі 10% тых “пераможцаў”.

Варта таксама прыгадаць лёс папярэднікаў Сьцяпана Сухарэнкі, які ўносіў гэтыя папраўкі ў палату – наркамаў НКУС Беларусі Бермана, Наседкіна і Цанавы, якія таксама памёрлі не сваёй сьмерцю і асудзілі іх, дарэчы, не Гааскі трыбунал і ня іх ахвяры.

Як цяперашнія дэпутаты не баяцца – хай не за краіну, проста за сябе?”

(Статкевіч: ) “Я гэта тлумачу мэханізмам выбараў гэтага парлямэнту. Ён сапраўды абіраўся, але абіраўся не выбаршчыкамі, а зьверху. І калі дэпутат сапраўды абіраецца выбаршчыкамі, ён нясе адказнасьць звычайна перад імі і іх баіцца.

Пры выбары зьверху таксама быў выбар, свая канкурэнцыя :"Я лепшы, я больш адданы, больш карысны", свае драмы, свая барацьба. Але ў рэшце рэшт іх абралі зьверху, і кожны гэта выдатна разумее і мусіць гуляць у тую гульню, у якую абавязаўся гуляць, калі яго абіралі.

Я ня думаю, што гэтых дэпутатаў чакаюць нейкія рэпрэсіі з боку людзей, якія іх абралі. У гэтым іх адрозьненьне нават ад дэлегатаў XVII зьезду ВКП(б) 1934 году. Там усё ж такі людзі падымаліся па партыйнай лесьвіцы зьнізу, дзякуючы сваім заслугам, скажам, падчас грамадзянскай вайны. Яны былі занадта самастойныя, за гэта і паплаціліся.

А гэты парлямэнт цалкам несамастойны – адхіленьні ў некалькі адсоткаў заўсёды ёсьць, гэта закон жыцьця. Таму я думаю, што яны не баяцца аніякіх праблемаў зьнізу. Праблемы могуць быць, толькі калі яны адмовяцца выконваць функцыю. якую яны гарантавалі, што будуць выконваць". (Чытаць поўны тэкст перадачы "Праскі акцэнт")