“У кампаніі Мілінкевіча будуць задзейнічаны каля 10 тысяч валантэраў”

Алесь Дашчынскі, Менск На сёньня ў Беларусі створаныя і рэальна працуюць штабы падтрымкі Аляксандра Мілінкевіча ў 98-мі раёнах са 118-ці. Як заявіў кіраўнік цэнтральнага штабу Сяргей Калякін, фармаваньне раённых структураў будзе завершана найбліжэйшым часам. У чым жа сутнасьць дзейнасьці раённых штабоў?
Цяпер найперш рыхтуюцца візыты спадара Мілінкевіча і ягоныя сустрэчы ў рэгіёнах. Напрыканцы гэтага году актывісты мусяць скаардынавана працаваць у кожным беларускім райцэнтры ці гарадку. Яны стануць праваднікамі інфармацыі пра адзінага кандыдата і ягоную праграму. Яшчэ вельмі важная задача ў стварэньні базы валантэраў для будучай кампаніі. Яны спатрэбяцца для будучага збору подпісаў за вылучэньне спадара Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. Падчас выбараў ініцыятыўныя групы павінна сабраць ня менш за мільён подпісаў. Валантэры будуць працаваць ў выбарчых камісіях, у якасьці назіральнікаў і агітатараў за адзінага. Хто і як можа стаць валантэрам у штабе Аляксандра Мілінкевіча? Гэтае пытаньне да намесьніка кіраўніка штабу Віктара Карнеенкі.

(Карнеенка: ) ”Тут ёсьць розныя варыянты. Ужо на сайт Аляксандра Мілінкевіча зьвярнулася больш за 200 чалавек, якія хочуць увайсьці ў склад яго каманды. Мы спадзяемся, што абсалютная большасьць з гэтых людзей –самаахвярныя, самаадданыя ў справе дэмакратыі людзі. Па нашых прыкідках сёньня ўжо больш за 3 тысячы чалавек гатовыя працаваць у камандзе Мілінкевіча, калі будуць абвешчаны выбары. Мы плянуем, што іх павінна быць ня менш за 10 тысяч. І прынялі такое рашэньне: кожны панядзелак з такім узрастаючым вынікам фіксаваць колькасьць валантэраў. Пра гэта мы дамовіліся з нашымі рэгіянальнымі прадстаўнікамі.”

Паводле спадара Карнеенкі, пэўнай затрымцы ў фармаваньні раённых штабоў пасадзейнічала тое, што некаторыя людзі яшчэ вырашаюць для сябе пытаньне, ці пагаджацца ім на гэтую дастаткова адказную і нават небясьпечную ў цяперашніх умовах працу. Пакуль што ёсьць толькі адзін прыклад, калі за сваё сяброўства ў штабе, выкладчыка адной з навучальных установаў у Баранавічах прымусілі звольніцца з працы. Але яму аказаная падтрымка з боку каманды адзінага. Цяжка прагназаваць, як будуць весьці сябе ўлады пасьля прыняцьця рэпрэсыўных паправак у крымінальны кодэкс. Але ці ўплываюць яны ўжо цяпер на дзейнасьць штабоў?

(Карнеенка: ) ”У кампаніі Аляксандра Мілінкевіча працуюць людзі, якія зрабілі свой выбар, нягледзячы на тое, якім чынам будзе рэагаваць улада. Такіх абсалютная большасьць. І таму, я лічу, што гэта моцна не паўплывае. Гэта сьведчыць пра тое, што напалохаўся якраз Лукашэнка, а не грамадзкія актывісты. Мы ніколі не парушалі закон і заўсёды жылі паводле закону і нікога не палохаліся.”

Мы патэлефанавалі кіраўнікам Берасьцейскага і Магілеўскага абласных штабоў. Яны адзначаюць пэўныя складанасьці ў працы. На Берасьцейшчыне толькі ў двух раёнах не сфармаваныя штабы, дарэчы, там не ўдалося правесьці і сходы падчас падрыхтоўкі да кангрэсу дэмсілаў. Кіраўнік абласнога штабу Юрась Губарэвіч прагназуе, што падчас прэзыдэнцкай кампаніі будзе працаваць значна цяжэй, чым падчас мінулых выбараў.

(Губарэвіч: ) “Сытуацыя пагоршылася і рэпрэсіі ўзмацніліся.У большасьці мы ня можам весьці адкрытую працу, ня можам здымаць памяшканьне, вешаць шыльду, што гэта штаб Мілінкевіча. Мы зьбіралі кіраўнікоў раённых штабоў з усёй Берасьцейскай вобласьці, сабралася больш за палову. Але правесьці сход нам актыўна перашкаджала міліцыя. Вось такія прыкметы вонкавага запалохваньня”.

Кіраўнік Магілеўскага абласнога штабу Уладзімер Шанцаў мяркуе, што асноўную ролю ў кампаніі мусяць сыграць штабы ў вялікіх гарадах.

(Шанцаў: ) “. І ўсё будзе вырашаць Менск, Бабруйск, Магілеў…А ў малых гарадах гэта вельмі складана. І людзі баяцца “засьвечвацца” і там уладай усё прыхвачана, літаральна ўсё. Гэта страх, гэта фэадальны лад. Гэта праблемы фэадальнага ладу, які там існуе. Тут нічога ня зробіш.”