Польскія памежнікі ўзмацняюць кантроль на беларускай мяжы

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ад пачатку гэтага месяца польскія памежнікі пачалі ўзмоцнены кантроль за наяўнасьцю грашовых сродкаў на знаходжаньне ў Польшчы ў беларусаў, якія перасякаюць польска-беларускую мяжу. Пакуль, аднак, выпадкі, калі беларусаў з-за гэтага не ўпускалі ў Польшчу – адзінкавыя.
Паводле загаду польскага міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, кожны беларус, які хоча наведаць Польшчу павінен мець 100 злотых, гэта прыкладана 30 даляраў ЗША на кожны дзень знаходжаньня ў Польшчы, а таксама 300 злотых – ці каля 90 даляраў на выпадак неабходнасьці лячэньня ў польскім шпіталі.

Беларусы, якія маюць аформленае належным чынам запрашэньне ад фізычнай альбо юрыдычнай асобы з Польшчы, а таксама мэдычную страхоўку, могуць паданых вышэй сумаў пры сабе ня мець.

Польскія памежнікі, аднак, кажуць, што ўзмацненьне кантролю на мяжы не выклікала праблемаў – амаль усе беларусы альбо маюць адпаведную колькасьць валюты, альбо неабходныя запрашэньні і страхоўкі.

(Дзяжурны афіцэр: ) “Я скажу вам так, што на дадзены момант праблемаў асаблівых няма – мы, шчыра кажучы, разьлічвалі, што будзе горш. Але ў парадку. У часе маіх зьменаў за апошнія пяць дзён з гэтай прычыны хіба нікога не адправілі назад, хаця мы кантралюем наяўнасьць папераў і грошай – гэта наша праца”, – заявіла нашаму радыё дзяжурны афіцэр на адным з памежных пераходаў.

Між тым у памежным горадзе Бяла Падляска, куды традыцыйна прыяжджаюць беларусы зь Берасьцейшчыны, каб прадаць свой тавар і набыць у асноўным больш танныя і якасныя польскія харчы, кажуць, што апошнім часам беларусаў на кірмашы увогуле амаль няма.

Але прычына ня ў тым, што трэба мець пры сабе дадатковыя грошы, але яшчэ ў ранейшай забароне на ўвоз у Беларусь больш чым 5 кіляграмаў польскіх прадуктаў харчаваньня.

(Прадавачка на кірмашы: ) “Можа таму ня езьдзяць, што прададуць тут сваю гарэлку, а ня могуць нічога купіць, каб назад да сябе прывезьці. Зусім няма беларусаў. Шкада, бо раней лепш гандлявалася”, – сказала беларускай свабодзе гандлярка на Бяла-Падляшскім кірмашы.

У панядзелак раніцай там не было не было ніводнага беларуса. Мясцовыя гандляры кажуць, што яшчэ на пачатку гэтага году ўявіць гэта было немагчыма.