Якая рэакцыя жыхароў Менску на папраўкі ў Крымінальны кодэкс?

Альгерд Невяроўскі, Менск Што думаюць пра прынятыя сёньня Палатай прадстаўнікоў папраўкі ў Крымінальны кодэкс грамадзяне Беларусі? Ці можна прыцягваць чалавека да крымінальнай адказнасьці за публічнае выказваньне сваёй незадаволенасьці ўладай альбо станам справаў у дзяржаве? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, ці можна прыцягваць чалавека да крымінальнай адказнасьці за публічнае выказваньне сваёй незадаволенасьці ўладай?”

(Хлопец: ) “Нельга прыцягваць да адказнасьці. Бо як даведацца — добра ты робіш, ці не. Трэба разумець, у якім кірунку працаваць”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што не. Бо ў нас у Канстытуцыі замацавана права свабоды, права выказваньня думак. Таму ўсё адсюль вынікае”.

(Спадар: ) “Не, я як хачу, так і раблю. Калі мне набалела, я павінен выказацца”.

(Спадар: ) “Я лічу, што не. Думаю, што павінна быць свабода слова”.

(Хлопец: ) “Думаю, што не. Наш прэзыдэнт гаворыць, што ў нас жа дэмакратыя”.

(Яго сябар: ) “Я таксама так лічу. Кожны мае права выказваць сваю думку”.

(Спадар: ) “Нельга. Бо ў кожнага ёсьць свая думка, сваё меркаваньне. Ня кожны кіраўнік выконвае закон на 100%. У яго таксама бываюць хібы. І тыя хібы народ крытыкуе. Калі ня будзе крытыкі, то будзе выглядаць, што ўсё нібыта добра ў нашай краіне. Таму крытыка заўсёды павінна быць. Сын бацьку таксама можа сказаць, што той ня мае рацыі”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што гэта абсалютна незаконна, таму што кожны чалавек мае права выбіраць тую ўладу, якая яму больш падабаецца, і абараняць свае інтарэсы”.

(Спадар: ) “Нельга. Гэта абмежаваньне свабоды асобы. Такі ж аналягічны закон існаваў за савецкім часам у нашай дзяржаве. Я лічу, што кожны мае пэўную асабістую пазыцыю, і ён мае магчымасьць яе выказаць”.

(Спадар: ) “Не, гэта ж парушэньне правоў чалавека, парушэньне Канстытуцыі”.

(Спадарыня: ) “Не, кожны як думае, так павінен свае думкі й выказваць адкрыта. Горш, калі ўсё робіцца за сьпіной, лепш, каб усё было відаць, хто чым дыхае, якая палітыка каму патрэбная”.