Літоўскі "5 канал", які хацеў бы вяшчаць на Беларусь, зноў папярэджаны

Тацяна Поклад, Вільня Літоўскі "5 канал" ("Penktas kanalas") тэлеканал, адзін з чатырох тэлеканалаў які бярэ ўдзел у тэндэры Эўразьвязу для незалежнага вяшчаньня на Беларусь, другі раз парушыў ліцэнзію. Сёньня канал атрымаў папярэджаньне і пакараньне за парушэньне ўмоваў ліцэнзіі на вяшчаньне.
Сёньняшняе папярэджаньне за парушэньне ўмоваў ліцэнзіі на вяшчаньне ў Літве – другое па ліку цягам гэтага году.

Таксама “5 каналу” можа быць прызначаны штраф памерам да тысячы даляраў за парушэньне закону “Абароны непаўнагадовых ад нэгатыўных уплываў сродкаў масавай інфармацыі”. Пра гэта паведаміў дырэктар адміністрацыі Камісіі радыё і тэлебачаньня Літвы Нерыюс Малюкявічус.

Паводле яго, справа аб парушэньні адміністрацыйнага права супраць “5 каналу” была распачатая пасьля паказу ў перадачы “Экстрэмальная дакумэнталістыка – кошт жыцьця” кадраў з прыёмнай шпіталю, якія маглі шакаваць дзяцей. Гэтае парушэньне зафіксаваў інспэктар журналісцкай этыкі Ромас Гудайціс.

Раней “5 канал” быў пакараны за парушэньне ўмоваў сваёй ліцэнзіі, калі пачаў рэтрансьляцыю беларускага тэлебачаньня “Первый музыкальный канал”. Паводле ліцэнзіі, дагэтуль “5 канал” рэтрансьляваў тры разы на дзень інфармацыйныя праграмы расейскага тэлеканалу НТВ.

Улетку сёлета “5 канал” пачаў заместа НТВ рэтрансьляваць беларускі музычны тэлеканал, не ўзгадняючы гэта з Камісіяй радыё і тэлебачаньня. У выніку “5 канал” быў пазбаўлены права на прымусовую рэтрансьляцыю ўсімі апэратарамі кабэльнага тэлебачаньня ў Вільні і Коўне.

Намесьнік дырэктара “5 каналу” Лянас Рымейка патлумачыў нашаму радыё, што праблемы з парушэньнем ліцэнзіі на вяшчаньне ніякім чынам не пашкодзіць для ўдзелу ў тэндэры Эўразьвязу для незалежнага вяшчаньня на Беларусь, паколькі “5 канал” будзе забясьпечваць толькі тэхнічныя паслугі, і яго супрацоўнікі арыгінальных праграмаў для Беларусі ствараць ня будуць.

У тэндэры Эўразьвязу на лепшы праект незалежнага вяшчаньня на Беларусь літоўскі “5 канал” удзельнічае ў кансорцыюме разам зь беларускай арганізацыяй, зарэгістраванай у Літве “Цэнтар для пераходных дэмакратыяў”, якой кіруе Ўладзімер Навасяд, а таксама двума іншымі недзяржаўнымі арганізацыямі зь Беларусі і ўкраінскім "Пятым каналам".

***

Літоўскі “5 канал” быў створаны год таму ў выніку аб''яднаньня Ковенскай рэгіянальнай тэлевізіі "AR TV" і Віленскай рэгіянальнай тэлевізіі, якую ў 1994 годзе заснаваў расейскі тэлеканал ТВ-6.

Гэта рэгіянальны камэрцыйны тэлеканал, які трансьлюецца ў Вільні, Коўне і ў мястэчку Алітус. “5 канал” належыць буйнай літоўскай кампаніі "Rubicon group", якая аб''ядноўвае болей за 30 прадпрыемстваў і мае бізнэсовыя сувязі зь Беларусьсю. Некалькі гадоў таму “Рубікон” спрычыніўся да карупцыйнага скандалу, у выніку якога былі вымушаныя пайсьці ў адстаўку некалькі літоўскіх парлямэнтароў, у тым ліку віцэ-сьпікер В.Андрукайціс.

Цяпер у Літве расьследуюцца дзьве справы адносна падозраньняў у карупцыі ў сувязі з кампаніяй “Рубікон” і Віленскай мэрыяй. Летась антыкарупцыйная Служба спэцыяльных расьсьледаваньняў Літоўскай Рэспублікі знайшла кампутарныя дыскі з запісамі гэтак званай чорнай бугальтэрыі “Рубікона”. Пазьней прадстаўнікам кампаніі было прад''яўленае абвінавачваньне ў тым, што яны давалі хабары палітыкам.