Пошта не падпісвае на "Вольнае Глыбокае"

Браніслава Станкевіч, Віцебск Раённая пошта адмовілася падпісваць на недзяржаўную газэту “Вольнае Глыбокае”. Папярэджаньне пра гэта атрымаў галоўны рэдактар выданьня Ўладзімер Скрабатун. У лісьце на ягонае імя гаворыцца, што з 1 сьнежня дамова з поштаю скасавана, бо “раённы вузел сувязі шануе сваю дзелавую рэпутацыю і мусіць прыняць захады для стварэньня ўмоваў якаснай працы ва ўсіх паштовых аддзяленьнях”.
Загадчык Глыбоцкага вузлу сувязі сьцьвярджае, што рэдакцыя не падала інфармацыі для ўключэньня ў каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году: не ўказала пэрыядычнасьці выхаду, кошту ведамаснай і індывідуальнай падпіскі і гэтак далей.

Рэдактар адзінага раённага незалежнага выданьня з гэтымі абвінавачаньнямі ня згодны, бо выдае газэту не адзін год, і шторазу сочыць, каб усе належныя фармальнасьці былі захаваныя.

Зрэшты, на думку спадара Скрабатуна, кіраўніцтва пошты проста шукала нагоды, каб скасаваць дамову з газэтай. Таму ў пераліку прэтэнзіяў да выдаўца ўказаныя нават затрымкі выхаду газэты з прычыны адсутнасьці паперы ды зь іншых эканамічных прычынаў — падобныя мае кожнае выданьне, якое не фінансуецца зь дзяржаўнага бюджэту.

“Вольнае Глыбокае” цягам апошніх гадоў было адзіным раённым незалежным выданьнем на Віцебшчыне.