Ці магчыма ў Беларусі свабодна набыць незалежную прэсу?

Галіна Абакунчык, Менск Падчас прэсавай канфэрэнцыі з расейскімі журналістамі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі можна свабодна набыць любую незалежную прэсу. Ці адпавядае гэтая заява рэчаіснасьці? Гэтым пытаньнем у мінакоў на вуліцах Менску цікавілася наша карэспандэнтка.
(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці магчыма ў Беларусі свабодна набыць любую недзяржаўную незалежную прэсу?”

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, я ніколі не набывала, а таму ня ведаю. Але калі ў электрычцы на лецішча ежджу, то бачу, як людзі размаўляюць па-беларуску і чытаюць гэтую прэсу. А калі чытаюць — значыць, яна ёсьць у Беларусі, гэтак я мяркую”.

(Спадар: ) “Ну, я бачу, што вельмі шмат прадаюць каля рынкаў і пераходаў, каля крамаў — “Народную Волю”, “БДГ”.

(Спадарыня: ) “Недзяржаўную? Некалі я бачыла газэту “Народная Воля” ў свабодным продажы. А ўвогуле я чытаю дзяржаўную і расейскую прэсу”.

(Юнак: ) “Можна знайсьці любую незалежную прэсу з самымі рознымі меркаваньнямі — да прыкладу, “Рэспубліка”, “Белорусская газета”, “Советская Белоруссия”. А пра “Народную Волю” ня ведаю, ніколі не цікавіўся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчыма ў Беларусі свабодна набыць любую недзяржаўную незалежную прэсу?”

(Юначка: ) “Я, да прыкладу, ня бачу на латках ці ў кіёсках. Пэўна, трэба знаць месцы, дзе можна набыць”.

(Спадарыня: ) “Толькі “Народная Воля” перастала выходзіць з 1 лістапада. А ўсе гэтыя — калі ласка: “Наша Ніва”, “Белорусская газета”, “Белорусский рынок”, “Салідарнасьць” — калі ласка”.

(Юнак: ) “Канечне, часам гэта бывае праблематычна. Я, да прыкладу, чытаю “Студэнцкую думку”, але цяпер яе ўжо нельга будзе набыць. Кажуць, што яе закрываюць, але паглядзім, што будзе далей”.

(Спадар: ) “Я нават не сутракаю ў розьнічным продажы незалежнай прэсы. Што я пра гэта думаю? Хацелася б слухаць многія меркаваньні пра розныя пытаньні. Шкада, што гэтага няма. Шкада і сумна”.

(Спадарыня: ) “Вядома, не. Пра гэта нават сьмешна казаць. Да прыкладу, “Народную Волю” я выпісвала, бо не магла ў шапіку набыць, а цяпер ужо і выпісваць ня будзе магчымасьці. Ня ведаю, ці закрылі “Нашу Ніву”, але і яна нібыта пад пытаньнем. Пра якую свабоду можна казаць? І ўвогуле такое адчуваньне, што на табе тоны грузу ляжаць, бо нідзе няможна ні выказацца, нічога. Людзі настолькі задушаныя, што проста дыхаць няма ўжо чым”.