Захад занепакоены рашэньнем "Белпошты"

Алена Струвэ, Менск Камэнтуючы рашэньне “Белпошты” спыніць у будучым годзе распаўсюд сярод падпісчыкаў 13 незалежных беларускіх выданьняў, генэральны сакратар Міжнароднай журналісцкай фэдэрацыі Айдан Уайт заявіў: “Гэта частка цынічнай і непрыгожай кампаніі, мэта якой прымусіць замоўкнуць незалежныя беларускія галасы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”.
Заяву спадара Уайта перадало сёньня нямецкае радыё "Deutschlandfunk".

У артыкуле “Беларусь зьнішчае апошнія вольныя газэты”, які апублікаваны ў "Frankfurter Allgemeine Zeitung" прадстаўленая адна з гэтых газэтаў – “Наша Ніва”.

Паводле нямецкага выданьня, беларускі штотыднёвік ёсьць свайго роду культурніцкім помнікам. Заснаваная ў 1906 годзе “Наша Ніва” стала першым на той час выданьнем на беларускай мове. Пасьля рэвалюцыі “Наша Ніва” была зачыненая камуністамі, і аднавіла сваю працу толькі ў 1991. "Frankfurter Allgemeine Zeitung" прыводзіць словы галоўнага рэдактара Андрэя Дынькі: "У Беларусі адбыліся сур''ёзныя зьмены – аўтарытарны рэжым ператварыўся ў таталітарны".