Анджэй Лепэр мяняе твар

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі палітык, лідэр партыі “Самаабарона” Анджэй Лепэр, якога ў Польшчы завуць яшчэ “польскім Лукашэнкам”, гэтымі днямі рэзка зьмяніў свой імідж – замест папулісцкіх лёзунгаў кшталту “адабраць у багатых і аддаць бедным”, Лепэр нечакана выказаўся за працяг прыватызацыі і назваў сябе “капіталістам”.
Фірмовым лёзунгам Анджэя Лепэра і ягонай партыі заўсёды было наступнае выказваньне:

(Лепэр: ) “Бальцаровіч павінен сыйсьці ў адстаўку”, - паўтараў лідэр “Самаабароны” ледзь не ў кожнай прамове, як калісьці рымскія правадыры казалі “Картаген трэба разбурыць”. Лепэр пераконваў, што гэты выбітны эканаміст – аўтар трансфармацыі польскай эканомікі, які напярэдадні атрымаў найвышэйшую ўзнагароду польскай дзяржавы, вінаваты ва ўсіх няшчасьцях палякаў.

Усяго празь некалькі месяцаў, пасьля выбараў, калі Самаабарона мае трэцюю паводле памераў фракцыю ў Сэйме, а яе лідэр атрымаў пасаду віцэ-сьпікера, Анджэй Лепэр нечакана зьмяніў тон сваіх выказваньняў.

(Лепэр: ) “Бальцаровіч не вінаваты ў тым, што робіць, вінаватая заканадаўчая ўлада”.

Яшчэ зусім нядаўна, Анджэй Лепэр быў першым ворагам лібэралаў і выступаў за 50%-ны падатак ад прыбыткаў найбольш заможных палякаў.

(Лепэр: ) “Мы, Самаабарона, патрыятычная партыя левага накірунку, заклікаем не аддаваць Польшчу ваўкалакам-лібэралам”

Цяпер:

(Лепэр: ) “Я не зьмяняю, сваіх поглядаў, але прапаную новы накірунак – сацыял-лібэральны”

Як дасьведчаны палітык мог так кардынальна зьмяніцца? Сацыёляг Марцін Краеўскі:

(Краеўскі: ) “Калісьці папулісцкія лёзунгі былі Лепэру патрэбныя, але цяпер, калі ён ва ўладзе, дык спрабуе зьмяніць імідж, далучыцца да эліты і гэты крык ужо непатрэбны”.

Адметна, што Анджэй Лепэр перастаў таксама захапляцца гэтак званай беларускай мадэльлю эканомікі.