Ці могуць чарнобыльскія раёны існаваць безь мігрантаў?

Казімер Яноўскі, Хойніцкі раён У заражаным радыяцыяй Хойніцкім раёне кіраўнікі гаспадарак нават пад пагрозай штрафаў змушаны прымаць на працу нелегальных мігрантаў з рэспублік былога Савецкага Саюзу. Гэтага вымагае дэмаграфічная сытуацыя ды патрабаваньні разьвіваць на заражаных землях сельскагаспадарчую вытворчасьць.
У Хойніцкім раёне цяпер ня знойдзеш ніводнай гаспадаркі, дзе б не было мігрантаў з рэспублік былога СССР — пераважна з Расеі, Казахстану, Малдовы, Украіны. У асобных калгасах мігранты складаюць 15—20% працаўнікоў. Складаная дэмаграфічная сытуацыя змушае браць на працу жывёлаводамі, мэханізатарамі нават нелегалаў. За гэта, у прыватнасьці, міліцыяй быў аштрафаваны дырэктар саўгасу “Веляцін” Васіль Мігай:

(Мігай: ) “У нас тут, ведаеце, зачараванае кола — нельга на працу прыняць, бо не прапісаны. А не прапісаны таму, што не даеш працы. Атрымліваецца, што чалавек павінен вісець нейкі час у паветры, а потым нейкім чынам апусьціцца на нашу зямлю”.

Кіраўнік апавядае, што прыяжджаюць, як правіла, ня лепшыя — яны і прапісацца ня могуць дзесяць гадоў, і п’юць, і на працу забываюцца:

(Мігай: ) “Едуць хлопцы, праўду кажучы, ня лепшыя, нават з крымінальным мінулым. Паспрабуй адразу ўгадаць — ён жа прыходзіць такім ягняткам, цяляткам, такім пакрыўджаным, што хочацца яму аддаць сваё. Потым ужо ўсё выяўляецца… Бярэм, бо людзі патрэбны. Куды ж нам падзецца, калі народ патрэбны. І спадзяваньні ёсьць: можа, нармалёвы чалавек прыехаў”.

Шмат у чым залежыць ад мігрантаў і сельгаспрадпрыемства “Стралічава”. Тут таксама бяруць на працу нелегалаў, за што была аштрафавана саўгасная інспэктарка па кадрах.

У раённай службе ў справах грамадзянства ды міграцыі паведамілі, што агулам сёлета аштрафаваны 75 асобаў, якія нелегальна знаходзіліся на тэрыторыі раёну. Шасьцёра замежных грамадзянаў, ураджэнцаў Расеі, Украіны ды Малдовы, дэпартаваныя.