У Вялейцы затрымалі распаўсюднікаў бюлетэню пра акцыю 16 лістапада

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня ў Вялейцы міліцыянтамі былі затрыманыя мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху Ўладзімер Малярчук і Мікалай Сусла. Яны распаўсюджвалі на гарадзкім рынку бюлетэнь з заклікам да грамадзянаў далучыцца 16 лістапада да Дня салідарнасьці. На знак салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў прапануецца ў гэты дзень а 20-й гадзіне на 15 хвілін выключыць сьвятло і запаліць сьвечкі ў вокнах.
Каля дзьвюх гадзінаў спадары Малярчук і Сусла правялі ў пастарунку, дзе ў іх былі канфіскаваныя звыш ста паасобнікаў бюлетэню і складзены пратакол, пасьля чаго актывісты былі адпушчаныя.

Нагадаем, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці Беларусі прапанавалі праводзіць Дні салідарнасьці штомесяц. Першая такая акцыя адбылася 16 кастрычніка.