Анонс – што вы пачуеце ў нашым эфіры заўтра раніцай

RFE/RL Ранішняя праграма гучыць у эфіры з 6-й да 8-й раніцы паводле менскага часу. Што вы пачуеце заўтра раніцай 11 лістапада?
* 10 лістапада Аляксандар Мілінкевіч і начальнік штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Сяргей Калякін прыехалі ў Маскву, сустрэліся з прадстаўнікамі адміністрацыі Ўладзімера Пуціна, кіраўнікамі розных камітэтаў Дзяржаўнай думы, некалькімі буйнымі бізнэсоўцамі, зь беларускай дыяспарай. Што думаюць пра гэты візыт расейскія і беларускія палітыкі?

* Сьвятлану Завадзкую выклікаюць у суд Цэнтральнага раёну Менску. Жонка зьніклага журналіста мяркуе, што атрымае ход скарга на сьледчых пракуратуры. Нагадаем: служкі Тэміды адмовіліся завесьці крымінальную справу супраць міліцыянта, які ўдарыў Завадзкую па твары падчас акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”. Дарэчы, у лёсе амоўнаўца пасьля таго адбыліся вялікія перамены...

* 11 лістапада – Дзень незалежнасьці Польшчы. Учора ў Горадні з гэтай нагоды адбыўся прыём, наладжаны Генэральным консулам Анджэем Крантоўскім. Сярод запрошаных былі актывісты Саюзу палякаў Беларусі, які не прызнаецца ўладамі. На гэтых людзей працягваецца ціск.

* Беларускія і расейскія заканадаўцы шукаюць управу на тых, хто пераяжджае ў суседнюю краіну і ўхіляецца ад выплаты алімэнтаў. Ці знойдзецца неабходны прававы мэханізм? Што замінае юрыстам саюзнай дзяржавы?

* У Менскай гарадзкой галерэі разгорнутая выстава сям’і мастакоў – Людмілы Шчамялёвай (дачкі народнага мастака Беларусі) і ейнага мужа Ігара Рымашэўскага. Абодва працуюць ў стылі наіўнага ці прымітыўнага жывапісу. Галерэю наведаў наш карэспандэнт.

***

Нагадаем, што перадачы можна слухаць і праз інтэрнэт у фармаце Real Audio або Windows Media.