Масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацый у Баку

Сьвятлана Курс, Прага У Баку пачаліся вулічныя пратэсты супраць вынікаў выбараў, якія апазыцыя лічыць сфальшаванымі. Некалькі апазыцыйных партыяў і блёкаў патрабуюць ануляваць афіцыйныя вынікі нядзельных парлямэнцкіх выбараў, паводле якіх кіроўная партыя “Ені Азэрбайджан” заваявала больш за 60 месцаў у 125-асабовым парлямэнце. На вуліцы выйшлі некалькі тысячаў чалавек, зь месца падзеяў паведамляе карэспандэнт RFE/RL Робэрт Парсанс.
Некалькі тысячаў прыхільнікаў апазыцыі ў сталіцы Азэрбайджану ладзяць вулічныя акцыі, каб дамагчыся перагляду вынікаў парлямэнцкіх выбараў, якія яны лічаць сфальшаванымі ў бальшыні акругаў.

Акцыі склікаў найбуйнейшы апазыцыйны блёк Azadliq (Свабода), аднак пазьней да іх вырашылі далучыцца меншыя партыі й кааліцыі Yeni Siyaset (Новая Палітыка) й Milli Birlik (Нацыянальная Еднасьць), а таксама шэраг моладзевых арганізацыяў.

Марш пратэсту пачаўся з Пляцу Калаба ў цэнтры Баку. Карэспандэнт “Свабоды” Робэрт Парсанс перадае зь месца падзеяў, што на вуліцах Баку мноства паліцыі са спэцсродкамі, але пакуль вядома толькі пра адзін інцыдэнт паміж паліцыянтамі й дэманстрантамі. Апрача перагляду вынікаў выбараў, шмат хто патрабуе адстаўкі ўраду і прэзыдэнта Ільхама Аліева.

Перадае Робэрт Парсанс:

(Парсанс: ) "Акцыя сапраўды шматлюдная. Усе кажуць, што з апошніх акцыяў тут, у Азэрбайджане, гэта самая вялікая. Натоўп дэманстрантаў працягнуўся ад пляцу Калаба, дзе прамаўляюць выступоўцы, на адлегласьць даўжынёю ў кілямэтар, і навокал вуліцы запоўненыя. Дэманстранты настроеныя досыць рашуча, магчыма таму, што людзей сапраўды шмат. Я думаю, менавіта гэта надае ім веры”.

Цэнтарвыбаркам сьцьвярджае, што паводле папярэдніх вынікаў выбараў, кіроўная партыя Yeni Azerbaycan (Новы Азэрбайджан) атрымае бальшыню галасоў у парлямэнце на 125 месцаў (Milli Meclis), найбуйнейшы апазыцыйны блёк Azadliq атрымае толькі 6 месцаў, астатнія месцы зоймуць незалежныя кандыдаты.

У аўтаномнай Нахічэванскай вобласьці Yeni Azerbaycan атрымаў 37 з 45 месцаў у рэгіянальным парлямэнце. Астатнія 8 месцаў падзялілі незалежныя кандыдаты й прадстаўнікі апазыцыі. Лідэры Azadliq патрабуюць, каб вынікі выбараў былі ануляваныя ў 80 % выбарчых акругаў.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы й АБСЭ скрытыкавалі выбары, заявіўшы, што яны не адпавядаюць міжнародным стандартам. Амэрыканскі ўрад заявіў, што паведамленьні аб масавых фальшаваньнях маюць быць расьсьледаваныя.

Цэнтарвыбаркам Азэрбайджану ануляваў вынікі выбараў у дзьвюх акругах, аднак выбарчыя чыноўнікі адпрэчваюць наяўнасьць масавых фальшаваньняў. Апазыцыя заявіла, што працягне публічныя акцыі, пакуль не даможацца ануляваньня вынікаў выбараў.