“А бязь песень-жа народ, што-ж ён варт быць можа? Ён і цёмны, як той скот, і бяды ня зложа!”

Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса за 8 лістапада
“Беларуская крыніца”, 1925 год. Беларускі Трубадур піша:

“Кожны здабытак культурны моўчкі не хаваецца ў музэй, а разглядаецца, удасканаляецца і пашыраецца, аднак са сьпевам беларускім людовым у нас крыху інакш дзеіцца, за мала на яго зьвяртаецца ўвагі. “А бязь песень-жа народ, што-ж ён варт быць можа? Ён і цёмны, як той скот, і бяды ня зложа!” — сказаў Янка Купала. Здаецца пара ўжо брацца і за гэтую справу… Каб дасканаліць і пашыраць сьпеў, патрэбна арганізацыя — трэба зарганізаваць Таварыства Беларускай Песьні, каторая-бы над гэтай справай працавала”.

“Знамя юности”, 1985 год. Са сьвяточнай дэманстрацыі:

“Па плошчы крочаць работнікі культуры, дзеячы літаратуры і мастацтва. Важныя задачы пастаўлены перад творчай інтэлігенцыяй пастановай ЦК КПСС “Аб мерах паляпшэньня выкарыстаньня клюбных установаў і спартовых збудаваньняў”. У ім адзначана, што ўмелая, прадуманая арганізацыя зьмястоўнага вольнага часу будзе спрыяць павышэньню працоўнай і грамадзкай актыўнасьці людзей, сцьверджаньню сацыялістычнага ладу жыцьця. Абавязак майстроў мастацтва і культуры — напоўніцу выкарыстоўваць выхаваўчыя магчымасьці тэатраў, музэяў, бібліятэк, палацаў і клюбаў, узначаліць паход за цьвярозы, захапляльны вольны час”.

“Народная Воля”, 1995 год. Іосіф Сярэдзіч:

“Маем абуральны факт — без суду і сьледзтва забіваецца першая штодзённая незалежная газэта. Дарэчы, бязьмежная сваволя ўлады адбілася і на такіх незалежных выданьнях, як “Белорусская деловая газета”, “Имя”, “Белорусская газета”. Будзем шчырыя, у гэтыя трывожныя дні вырашаецца лёс ня толькі вольнага друку, але й наагул дэмакратыі ў Беларусі. Усім зразумела: без свабоды слова ня можа быць ніякай іншай свабоды. А таму рэдакцыя газэты “Народная Воля” будзе рабіць усё магчымае, каб выжыць, каб вы, шаноўныя чытачы, маглі напоўніцу рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на атрыманьне ўсебаковай інфармацыі”.