На беларуска-літоўскай мяжы – службоўцы у брытанскай, нямецкай, аўстрыйскай уніформах

Тацяна Поклад, Вільня На беларуска-літоўскай мяжы дакумэнты будуць спраўджваць памежнікі у брытанскай, нямецкай і аўстрыйскай уніформах. Яны могуць спыняць і людзей, і аўтамабілі і ў памежнай зоне.
Сёньня на беларуска-літоўскім памежжы пачынаецца 31-ая аб''яднаная памежная апэрацыя. Літоўскія памежнікі разам з калегамі зь Вялікай Брытаніі, Аўстрыі і Нямеччыны будуць спраўджваць дакумэнты асобаў і транспартных сродкаў і пры перасячэньні мяжы, і у памежнай зоне. Прадстаўнікі гэтых трох краінаў пры выкананьні абавязкаў маюць права быць апранутымі ва уніформы сваіх краінаў з усімі адпаведнымі знакамі і сымбалямі, а цывільныя супрацоўнікі замежных іміграцыйных службаў будуць мець сінюю павязку з сымбалем Эўразьвязу - 12 жоўтых зорак, а таксама з надпісам па-ангельску "BORDER GUARD" (“Ахова мяжы”).

У часе працы зь імі абавязкова будуць разам і літоўскія памежнікі, якім будзе належаць вырашальнае слова пры магчымых затрыманьнях.

Гэтую апэрацыю Літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы пачала і з уласнае ініцыятывы, і паводле рэкамэндацыі Хэльсінскага цэнтру рызыкі і аналізу. Быў атрыманы дазвол Цэнтру межаў на сушы Эўразьвязу, што ў Бэрліне.

Беларуска-літоўская мяжа вызначаецца у Эўразьвязе ня столькі колькасьцю спробаў і памерамі кантрабанды, колькі вынаходніцтвам кантрабандыстаў, а таксама праблемамі, якія вынікаюць зь гістарычных і культурных асаблівасьцяў памежнага рэгіёну, у якім гэтая мяжа паўстала некалькі дзесяцігодзьдзяў таму і да нядаўняга часу не замінала дачыненьням жыхароў. Калі беларуска-літоўская мяжа сталася вонкавай мяжой Эўразьвязу, яна падзяліла месцамі ня толькі вёскі, але і сем''і і нават падворкі сядзібаў. Цягам апошніх дзён, на Дзяды, на беларуска-літоўскай мяжы, і так сумна вядомай чэргамі і затрымкамі, даводзілася чакаць даўжэй звычайнага.

Сёлета на Дзяды было адкрыта менш дадатковых пунктаў спрошчанага кантролю, якімі маглі карыстацца толькі памежныя жыхары. Літоўскія памежнікі тлумачаць затрымкі асаблівасьцямі працы беларускіх калегаў, якія і ў дні наплыву падарожнікаў спынялі працу на гадзіны, каб папалуднаваць.