Як прайшлі Дзяды ў Курапатах?

Ганна Соусь, Менск У Дзень памяці продкаў шмат людзей ідуць у Курапаты, каб ушанаваць памяць бязьвінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
На ўваходзе ва ўрочышча сёньня стаіць скрыня “Ахвяраваньні на крыжы ў Курапаты”. Прыехаўшы ва ўрочышча апоўдні, я заўважаю, што ў скрыні ўжо дастаткова шмат грашовых купюраў. Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо сьведчыць, што ў Курапаты сёньня ідуць людзі з самай раніцы. Сам спадар Уладзімер павесіў сёньня ручнікі на курапацкія крыжы.

(Юхо: ) “Дзяды, як заўсёды, адзначаюцца 2 лістапада. Традыцыйна прыходзім, каб ускласьці кветкі, ушанаваць памяць загінулых ня толькі ў Курапатах, але і ўсіх беларусаў, усіх нашых продкаў, нашых дзядоў”.

Мая Кляшторная прыйшла сёньня ў Курапаты памянуць свайго бацьку — знакамітага беларускага паэта Тодара Кляшторнага. Яго расстралялі 30 кастрычніка 1937 году, хутчэй за ўсё, у Курапатах, Маі Тодараўне тады было тры месяцы, і яна адбыла амаль 18 гадоў у ГУЛАГу.

(Кляшторная: ) “Нашаму пакаленьню на Дзяды ёсьць куды прыйсьці — у Курапаты. Таму што шмат хто ў сваім сіроцтве нават і ня ведаў сваіх бацькоў. Народжаныя пасьля таго, як іх бацькі былі зьнішчаныя, ня кожны з тых дзетак нават прозьвішча сваё мог вярнуць. Адно, што ўцешна, што гэтае месца не занядбанае”.

Сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:

(Буйвал: ) “Уся Эўропа адзначае цяпер Дзень усіх сьвятых. Людзі ідуць на могілкі, пра гэта паведамляюць усе каналы тэлебачаньня. А ў нашай краіне няма выходнага дня для гэтага. Дзяржава не прызначыла часу людзям для ўспаміну пра сваіх продкаў, пра сваіх дзядоў. Гэта якраз сьведчаньне, які характар мае рэжым, які пануе ў Беларусі, рэжым, які не шануе сваёй гісторыі, ахвяраў сваіх папярэднікаў, не шануе свайго ўласнага народу — жывога і мёртвага”.

Сёньня на Дзяды некаторыя людзі прыйшлі ў Курапаты, каб памянуць сваіх рэпрэсаваных бацькоў ці дзядоў, другія ж шануюць памяць усіх ахвяраў сталінізму, нават калі іх сваякі не пацярпелі ў той сумны час.

(Спадар: ) “Я спачатку пабываў на могілках у сваіх бацькоў, згадаў, як яны мне распавядалі пра злачынствы Сталіна. Я лічу, што ў Дзень памяці трэба абавязкова пабываць і на могілках у Курапатах”.

(Спадар: ) “Тут альбо ў іншым месцы пад Менскам быў расстраляны і мой дзед — Юркевіч Франц Іванавіч. Яго расстралялі 19 кастрычніка 1938 году”.

(Спадарыня: ) “Я часта сюды прыходжу. У мяне тут нікога няма, але я прыходжу проста аддаць даніну памяці ўсім, хто загінуў”.

(Спадарыня: ) “У мяне тут дзядзька пахаваны. Пра такое ня трэба забывацца. Калі гэтага ня будзем памятаць, дык што тады застаецца”.

(Спадарыня: ) “А вось прывяла ўнука, каб паглядзеў. Што ведаю, распавяду яму”.

(Спадарыня: ) “У мяне бацьку Казіміра Ўладзіслававіча Зуеўскага расстралялі ў 1937 годзе. І я чамусьці вырашыла: а раптам ён тут?..”

Паводле розных падлікаў у курапацкай зямлі ляжаць парэшткі ад 40 да 250 тысяч людзей, якіх за сталінскім часам расстралялі карнікі НКВД.