Вынікі "Бардаўскай восені-2005"

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 30 кастрычніка на Беласточчыне скончыўся фэстываль беларускай бардаўскай песьні “Бардаўская восень-2005”, у якім – у конкурснай праграме - традыцыйна бяруць удзел маладыя выканаўцы бардаўскай музыкі зь Беларусі і Польшчы, а таксама – у якасьці зорак - ўжо добра знаныя барды. Наш карэспандэнт напярэдадні вярнуўся з гэтай імпрэзы.
Першай адметнасьцю, ці хутчэй нечаканасьцю сёлетняга фэстывалю сталася тое, што ніхто не атрымаў галоўную ўзнагароду – магчымасьць запісаць уласны альбом у прафэсійнай студыі беластоцкага радыё. Сябра журы – Зьміцер Вайцюшкевіч, а разам зь ім ў склад журы ўваходзілі Кася Камоцкая і Ігар Лукашук – прадстаўнік Зьвязу беларускай моладзі – арганізатара імпрэзы, сказаў нашаму радыё, што сёлета цяжка было выбраць кагосьці зь 9-ці ўдзельнікаў конкурснай праграмы, які б адназначна заслугоўваў на галоўную ўзнагароду.

Так, як летась гэта зрабіла Тацьцяна Беланогая з Маладзечна – на “Бардаўскай восені –2005” яна выступала ўжо ў якасьці госьця.

(Беланогая: ) “Для мяне канцэрт гэта сродак самавыразу. А гэты канцэрт тым больш важны, што ў мінулым годзе я была ляўрэатам фэстывалю , а цяпер вось маю сваю сольную праграму і гэта мой першыя сур’ёзны канцэрт у жыцьці”

Дадам, што журы прызнала 5 іншых узнагародаў. Найбольш каштоўныя зб іх – прафэсійную гітару , атрымала бардаўскае трыё з Польшчы у складзе Ілона Карпюк, Мажэна Русачык і Андрэй Грэсь, а беларускія маладыя барды – Ільля Паплоўка і Андрэй Касьцень будуць мець па 10 гадзінаў студыйнага запісу.

Іншай асаблівасьцю сёлетняга фэстывалю было пэўнае вяртаньне да вытокаў – раней фэстываль пакрысе схіляўся ў бок року, але гэтым разам і ў конкурсе і сярод гасьцей былі амаль выключна барды. Гаворыць галоўны арганізатар імпрэзы Міхась Сьцепанюк.

(Сьцепанюк: ) “Пры ўсёй павазе, мне падаецца, што хопіць ужо “Трох чарапахаў” на “Бардаўскай восені”. Для рок-музыкі ёсьць рок-фэстывалі, а тут усё ж бардаўская музыка і музыка блізкая да бардаўскай, як напрыклад выступ Зьміцера Вайцюшкевіча”. Тут рок выглядаў бы недарэчна, на маю думку”.