Прадпрымальнікі менскіх рынкаў абураныя дзеяньнямі фіскальных органаў

Любоў Лунёва, Менск На менскіх рынках зноў неспакойна -- прадпрымальнікі абураныя дзеяньнямі фіскальных органаў. З 1 лістапада яны мусяць выпісваць адрыўныя талёны пакупнікам за кожную пакупку. Прадпрымальнікаў папярэдзілі, што за гандаль без талёнаў іх будуць караць штрафамі ад 20 да 50 базавых велічыняў. У падаткавых інспэкцыях вялізныя чэргі, бо на ўсіх талёнаў не хапае.
Пачак на 50 адрыўных талёнаў каштуе 4 300 рублёў. Прадпрымальнікі кажуць, што гэтага хопіць не больш як на тыдзень. Напрыканцы працоўнага дня перад выходнымі ў калідорах падаткавых інспэкцый утварыліся вялізныя чэргі. Менавіта там прадпрымальнікі мусяць набыць адрыўныя талёны. Гаворыць Людміла Касьцючэнка:

(Касьцючэнка:) “Адрыўных талёнаў не хапае на ўсіх прадпрымальнікаў. Вялізныя чэргі ў падаткавых органах, каб іх атрымаць. На гэта шмат марнаваць часу. І ўсё за пачак у 50 талёнаў. А іх хопіць толькі на тыдзень. Потым зноў трэба пісаць заяўку, плаціць, атрымліваць…”

Прадпрымальнікі абураюцца, што падаткавікі спачатку супакойвалі, што не за кожную пакупку трэба выпісваць талён.

(Андрусік:) “Спачатку нам казалі, што адрыўныя талёны будуць толькі па патрабаваньню. А зараз нам кажуць, што абавязкова на кожную пакупку. Ялічу, што гэта чарговае выцягваньне грошай. Як нам жыць далей!? Мала таго, што я працую прадаўцом, дык я ж яшчэ й экспэдытар, я ж яшчэ й таваразнаўца, я й грузчык, і касір, дык яшчэ ж спатрэбіцца і хадзіць у банк, здаваць грошы! А хто ж за нас будзе працаваць? Я адна. У мяне няма наёмных асобаў. Што ж будзе далей? Гэта яшчэ раз дэманструе, як наша кіраўніцтва ставіцца да малога і сярэдняга бізнэсу.”

Прадпрымальнікі ўпэўненыя, што супрацоўнікі міліцыі з аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю будуць праводзіць рэйды. За гандаль без адрыўных талёнаў будуць штрафаваць на суму ад 20 да 50 базавых велічыняў. Яны лічаць, што рэйды пачнуцца недзе з 7 лістапада, тады, калі скончацца талёны, а новыя можна будзе набыць толькі праз 5 дзён.

(Вайткевіч:) “За гэтыя 5 дзён нас могуць аштрафаваць на вар’яцкія сумы. Трэба спачатку выпісаць талён, а потым узяць грошы. Калі ў чалавека дробны тавар, то гэта практычна немагчыма. Пакупнік прыйшоў, каб набыць зубную шчотку, альбо крэм для ботаў, ён не будзе чакаць, пакуль яму выпішуць талён. А за гэты час нас могуць убачыць і потым аштрафаваць. Хутчэй пакупнікі пойдуць да латочнікаў, якія не плацяць падаткаў, не выпісваюць талёнаў і абсалютна нічога не даюць у бюджэт.”

Лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка гэтую сытуацыю тлумачыць яшчэ адной спробай дзяржавы ўзяць малы бізнэс пад татальны кантроль.

(Шумчанка:) “Пасьля сакавіцкіх падзеяў, калі прадпрымальнікі адстойвалі свае правы і інтарэсы, улада зрабіла шмат высноваў. Адна з іх аб тым, што яны недастаткова кантралюемыя. Адрыўныя талёны яшчэ адзін крок да татальнага кантролю над прадпрымальнікамі. Гэта палітыка дзяржавы ў дачыненьні да малога бізнэсу. Я бачу, што дзяржава замест таго, каб ствараць умовы для разьвіцьця бізнэсу, робіць усё для натуральнага адбору і выжывальнасьці.”

Прадпрымальнікі паведамілі Радыё Свабода, што падрыхтавалі звароты ў адміністрацыю Лукашэнкі, Камітэт дзяржкантролю, Дэпартамэнт прадпрымальніцтва. Яны не выключаюць, што сытуацыя можа выклікаць хвалю страйкаў на рэчавых рынках.