Беларускія ўкраінцы хочуць паставіць помнік гетману Піліпу Орліку

Валер Каліноўскі, Менск Беларускае грамадзкае аб’яднаньне украінцаў “Ватра” распрацавала праект ушанаваньня памяці ўкраінскага гетмана Піліпа Орліка, паплечніка Івана Мазепа, выбітнога дзяржаўнага дзеяча і аўтара казацкай Канстытуцыі, змагара за незалежнасьць Украіны. Помнік мяркуецца паставіць у вёсцы Касута Вілейскага раёна Менскай вобласьці, дзе нарадзіўся гетман.
Украінская дыяспара ў Беларусі атрымала станоўчы адказ на прапанову аб ўсталяваньні помніка Піліпу Орліку з Вілейскага райвыканкаму,– паведаміў старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў “Ватра” Віктар Гутоўскі. Паводле ягоных словаў, ў арганізацыі ўжо створаная адмысловая камісія, якая рыхтуе патрэбныя дакумэнты, распрацаваныя макеты памятнага знака і капліцы. Сёлета ў Вілейцы прайшла навуковая канфэрэнцыя з удзелам беларускіх і украінскіх гісторыкаў, прысьвечаная Піліпу Орліку. А падчас нядаўняга візыту ў Менск прэм’ер-міністра Украіны Юрыя Еханурава актывісты “Ватры” папрасілі ў яго матэрыяльнай падтрымкі ў справе ўсталяваньня гэтага помніка,– паведаміў Віктар Гутоўскі:

(Гутоўскі: ) “Для яго гэта была навіна, ён не ведаў, што Піліп Орлік нарадзіўся тут, на Вілейшчыне, у Беларусі. Мне падаецца, што ён зацікавіўся, і калі праявіць нейкі інтарэс, то помнік будзе ўсталяваны”.

Украінская дыяспара ўжо арганізавала ўсталяваньне помнікаў паэту Тарасу Шаўчэнку ў Менску, Берасьці, Магілёве і Гомелі, і будзе імкнуцца давесьці да завяршэньня новую ініцыятыву – усталяваць помнік гетману Піліпу Орліку, сказала Беларускай Свабодзе старшыня культурна-асьветнага таварыства “Обрій” Тацяна Бей:

(Бей: ) “Гэта той масток, які яднае Украіну і Беларусь, масток культуры і гістарычнай асобы, якая здабывала незалежнасьць для Украіны”.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч з’яўляецца першым аўтарам беларускай навуковай працы пра Піліпа Орліка. Ягоны біяграфічны артыкул пра гетмана Орліка мае выйсьці ў наступным томе зборніка “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, які выдаецца Беларускім фондам культуры. Спадар Грыцкевіч мяркуе патрэбным, каб памяць пра Піліпа Орліка была ўшанаваная і на ягонай радзіме. Ён лічыць, што імя гэтае доўгі час тут замоўчвалася, паколькі разам з гетманам Іванам Мазэпам Піліп Орлік ён быў актыўным антырасейскім дзеячом.

(Грыцкевіч: ) “Ён фактычна шмат гадоў быў гетманам на эміграцыі. Ствараў атрады, спрабаваў некалькі разоў прабіцца ва Ўкраіну. Перш за ўсё ён напісаў сваю Канстытуцыю – адразу як стаў гетманам. Так што сапраўды гэта асоба вельмі цікавая”.

У 2010 годзе будзе адзначацца 300-годдзе першай Канстытуцыі Украіны, аўтарам якой быў гетман Піліп Орлік, народжаны ў цяперашнім Вілейскім раёне.