Штогод кожная фірма траціць у сярэднім 1400 даляраў на розныя дазволы

Юлія Шарова, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 17 кастрычніка.
“БелГазета” піша пра новае дасьледаваньне, якое зладзіла Міжнародная фінансавая карпарацыя ў Беларусі. Дасьледаваньне тычылася сыстэмы дазволаў, якая існуе для беларускіх бізнэсоўцаў. У ім аўтар, эканаміст Яраслаў Раманчук, кажа пра тое, што зусім не прадпрыемствы, ня ўласьнікі зьяўляюцца распараджальнікамі свайго бізнэсу. Нават прыватнымі фірмамі, фактычна, кіруе дзяржава.

(Раманчук: ) "Калі, напрыклад, больш за пяцьдзясят органаў выдаюць гэтыя дазволы, калі нават юрысты Міжнароднай фінансавай карпарацыі ня здолелі даведацца, якія дакумэнты і колькі іх трэба для таго, каб гэтую сыстэму дазволаў ацаніць і апісаць. Відавочна, што яна зьяўляецца тым самым бізуном, якім карыстаецца бюракратыя, каб ліквідаваць бізнэсы, альбо ствараць льготныя ўмовы для таго ці іншага бізнэсу".

Штогод кожная фірма траціць у сярэднім 1400 даляраў на розныя дазволы, піша “БелГазета”.

На мінулым тыдні міністар спорту і турызму Аляксандр Грыгараў падпісаў загад аб скасаваньні працоўнага кантракту з дырэктарам РУП “Гасцінічны комплекс “Спорт” Віктарам Рубцовым. Гэтая навіна засьпела былога дырэктара ў аддзяленьні кардыялёгіі 10-й гарадзкой бальніцы. Гатэль “Спорт”, хоць і зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю, але ўжо цягам чатырох месяцаў знаходзіцца пад закладам. Падрабязнасьці можна прачытаць у апошнім нумары “Народнай Волі”.

Цэны на першасным рынку жытла ў Менску растуць няхутка, піша “Белорусский рынок”. Затое на другасным рынку ад пачатку году цэны падвысіліся амаль на траціну. Карэспандэнт штотыднёвіка Елізавета Булацецкая высьвятляла прычыны такой зьявы. Рэч у тым, што ў сталіцы будуюць цяпер занадта вялікія кватэры, даступныя ня ўсім, таму попыт на іх невысокі. Гаворка ідзе пра долевае будаўніцтва.

У Віцебску хочуць прадаць з аўкцыёну будынак прытулку для бадзяжных жывёлаў, паведамляе “Витебский кур''ер”. Афіцыйная вэрсія – горад ня мае сродкаў для завяршэньня будаўніцтва. Аднак прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня “Сябры жывёлаў” цьвердзяць, што грошы насамрэч ёсьць, але чыноўнікі ня хочуць траціць іх на такія праекты.