Ці будуць супрацоўнічаць сацыял-дэмакраты і незалежныя прафсаюзы?

Уладзімер Глод, Менск Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) прапануе Незалежным прафсаюзам наладзіць сталае супрацоўніцтва. З гэтай мэтай кіраўнік партыі Аляксандар Казулін і ягоны першы намесьнік Анатоль Ляўковіч сустрэліся зь лідэрамі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком і Мікалаем Канахам. Паводле паведамленьня прэсавай службы БСДП (Грамада), яны абмеркавалі асноўныя накірункі супольнай дзейнасьці дзеля абароны правоў наёмных работнікаў, усталяваньня сацыяльнай дзяржавы і дэмакратыі.
Ініцыятыва супольных дзеяньняў сыходзіць ад партыі. Партыйнае кіраўніцтва тлумачыць свае захады тым, што сацыяльныя праблемы, у тым ліку і абарона правоў наёмных работнікаў, заўжды былі прыярытэтнымі для сацыял-дэмакратаў. Новае кіраўніцтва партыі гэта разумее і таму ініцыюе заключэньне адпаведнай дамовы аб супрацоўніцтве і ўзаемаадносінах партыі і прафсаюзаў. І вось што кажа з гэтай нагоды першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч:

(Ляўковіч:) "Сацыял-дэмакраты і прафсаюзы паўсюдна, прынамсі, блізкія па многіх пазыцыях арганізацыі. І перадусім і прафсаюзы, і сацыял-дэмакраты абараняюць правы наёмных работнікаў. Мы хочам кансалідаваць нашыя намаганьні дзеля таго, каб гэтую справу больш дынамічна рухаць".

(Карэспандэнт:) "І якія пэрспэктывы ў гэтай справы?"

(Ляўковіч:) "Ведаеце, тут як партнэры ў танцы. Можна аднаму таньчыць, але ж звычайны танец, калі таньчаць двое. Таму тут і ідзе такі перамоўны працэс".

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Канах сказаў мне, што прафсаюзная пазыцыя пакуль яшчэ толькі фармуецца. Паводле ягоных словаў, гэта вельмі сур’ёзная, неадназначная прапанова. І праўдападобна, рашэньне па ёй будзе прынятае на зьезьдзе незалежных прафсаюзаў у лістападзе. Я пацікавіўся ў спадара Канаха, што яму падаецца ў гэтай ініцыятыве неадназначным? І вось як прафсаюзны дзеяч адказвае на гэтае пытаньне:

(Канах:) "Мы глядзім на гэтую справу такім чынам, што мы -- арганізацыя незалежная, і існуем выключна на ўласныя сродкі. Што датычыцца сацыял-дэмакратычнай партыі, дык тыя зьмены, што там адбыліся, вельмі нас турбуюць. У Беларусі ёсьць тры, а мо нават і больш сацыял-дэмакратычных партыяў. І заключыць дамову з адной зь іх, калі сябры нашага прафсаюзу знаходзяцца ў розных сацыял-дэмакратычных партыях, мабыць, будзе не зусім правільна з нашага боку. Таму мы чакаем паседжаньня нашай рады, на якім будзем абмяркоўваць прапанову. А можа нават вынесем пытаньне на зьезд, які адбудзецца 12 лістапада. Таму што, калі падпісаць гэтую дамову, дык можна пры гэтым набыць сабе нейкія праблемы".