Скарачаецца разрыў паміж асноўнымі кандыдатамі на пасаду прэзыдэнта Польшчы

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы за 5 дзён да прэзыдэнцкіх выбараў імкліва скарачаецца разрыў паміж двума галоўнымі кандыдатамі на гэтую пасаду – Дональдам Тускам і Лехам Качыньскім. Паводле некаторых апытаньняў, ён складае цяпер толькі 4%. Пра пытаньні зьнешняй палітыкі, у тым ліку і будучыя дачыненьні зь Беларусьсю, кандыдаты амаль не гавораць – на гэтым этапе і Туск і Качыньскі дыскутуюць пераважна пра ўнутраныя справы краіны.
Паводле двух розных апытаньняў, Дональда Туска гатовыя падтрымаць на 4% і на 8% выбаршчыкаў больш, чым Леха Качыньскага. Ніводзін зь іх, хутчэй за ўсё ня зможа выйграць выбары ў першым туры, бо для гэтага трэба атрымаць больш за 50% галасоў, а ёсьць яшчэ іншыя кандыдаты. Гаворыць палітоляг Барталамей Біскуп.

(Біскуп: ) “Штабы абодвух кандыдатаў зрабілі гэтак званае “новае адкрыцьцё”, яны маюць новыя лёзунгі, новыя плякаты. Але цяпер шмат залежыць ад саміх кандыдатаў, ад эфэктыўнасьці сустрэчаў з выбаршчыкамі”

Абодва кандыдаты актыўна наведваюць рэгіёны. Паводле Леха Качыньскага – выбар паміж ім і ягоным канкурэнтам, гэта выбар паміж дзьвюма канцэпцыямі будучыні краіны.

(Качыньскі: ) “Гэта выбар паміж Польшча лібэральнай і Польшчай салідарнай”.

Качыньскі хоча будаваць Польшчу “салідарную”, на што Дональд Туск адказвае:

(Туск: ) “Лех Качыньскі прапануе дзяліць галечу пароўну”

Нягледзячы на тое, што абодва кандыдаты належаць да палітыкаў так званага пакаленьня “посталідарнасьці” і абодва прадстаўляюць правацэнтрысцкія партыі, разыходжаньняў у іхных перадусім эканамічных праграмах даволі шмат. Які выбар зробяць палякі будзе вядома альбо ўжо гэтую нядзелю альбо праз два тыдні.