Беларусь зьвярнула ўвагу МАГАТЭ на канфлікт зь Літвой

Міхал Стэльмак, Менск Беларусь спадзяецца на дапамогу Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі (МАГАТЭ) ва ўрэгуляваньні экалягічнага канфлікту зь Літвой, зьвязанага з плянуемым будаўніцтвам паблізу літоўска-беларускай мяжы сховішча радыяактыўных адкідаў.
Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных справаў Віктар Гайсёнак на 49-й сэсіі Генэральнай канфэрэнцыі МАГАТЭ, якая праходзіць у Вене.

У сваім выступе спадар Гайсёнак нагадаў, што гэтае сховішча прызначана для адпрацаванага ядзернага паліва Ігналінскай АЭС і радыяактыўных адкідаў. Беларусь, паводле ягоных словаў, разьлічвае на канструктыўны падыход Літвы і дапамогу МАГАТЭ ў вырашэньні гэтай адчувальнай для беларусаў праблемы.

Нагадаем таксама, што беларускія чыноўнікі прыгразілі Літве, што калі тая ня зьменіць сваіх плянаў, то Беларусь у адказ таксама паблізу беларуска-літоўскай мяжы пабудуе магутныя сьвінагадоўчыя комплексы. Літоўскі прэм’ер Альгірдас Бразаўскас назваў гэтыя пляны Беларусі “барбарствам”.