Беларуская прэса за 28 верасьня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі
“Віцебскі пролетарый”, 1935 год:

“У палітэхнікуме працуюць тры гурткі па вывучэнню заходне-еўрапейскіх танцаў. Гурткі займаюцца рэгулярна 12 разоў у месяц па 2 гадзіны пад кіраўніцтвам спецыяльнага настаўніка. Сёння ў гуртках 60 студэнтаў і з кожным днём колькасць жадаючых навучыцца заходне-еўрапейскім танцам узрастае. Гэтымі днямі ў сталовай фабрыкі імя Лекерта пачаў граць джаз-аркестр з двух скрыпачоў, піяністкі і ўніверсала-барабаншчыка. За абедам рабочыя слухаюць у выкананні джаза рознастайныя музыкальныя творы”.

“ЛіМ”, 1965 год:

“Летась яшчэ ў вёсках Міёрскага раёна не было ніводнага шырокаэкраннага кінатэатра. А нядаўна тут адкрыліся амаль адначасова аж чатыры шырокаэкранныя. Шырокія экраны ўстаноўлены зараз у вёсках Пераброддзе (калгас “Кастрычніцкая рэвалюцыя”), Слабада (калгас “Маладая гвардыя”), Чаранцы (калгас “Баявы партызан”), а таксама ў дзіцячым доме імя Матросава. Цудоўны двухпавярховы Палац культуры вось-вось адчыніць дзверы ў вёсцы Язна. Тут у кіназале таксама будзе шырокі экран”.

“Имя”, 1995 год. Леанід Міндлін пра будучыню беларускага тэлебачаньня:

“Беларускае тэлебачаньне сёньня не тэлебачаньне, а хутчэй музэй тэлебачаньня. Музэй тэхнічны, музэй творчы, музэй арганізацыйны. Адзінае, што там яшчэ засталося, — людзі, якія могуць выдатна працаваць… Да гэтага часу, на маю думку, нашыя тэленачальнікі мараць зрабіць з БТ “фабрыку мрояў”, нешта накшталт Галівуду 1930-х… У нас ужо зьявілася тэлевізійная эканоміка ў стылі Галівуду, гэта калі прадпрыемствы працуюць толькі на экран, для тэлекамэры. Багатая ідэя! Вось толькі ці магчыма зрабіць усю краіну тэлевізійнай дэкарацыяй?”