Ці праўда, што адна дзяўчына ў Барысаве заразіла 30 чалавек віч-інфэкцыяй?

Іна Студзінская, Менск Часам у грамадзтве ўзьнікаюць чуткі, якія потым знаходзяць сваё адлюстраваньне ў сродках масавай інфармацыі наконт так званага ВІЧ-тэрарызму. То хадзілі жахлівыя гісторыі, што нібыта на сталічных дыскатэках наведвальнікам у натоўпе робяць уколы і заражаюць ВІЧ-інфэкцыяй. Не пацьвердзіліся. Нядаўна ў "БДГ" зьявіўся артыкул “Схаваная пагроза” з падзагалоўкам “Прывід ходзіць па Барысаву” пра сэксуальную тэрарыстку, на рахунку якой ня менш 30-ці ахвяраў, якіх яна быццам бы заразіла небясьпечнай інфэкцыяй. Ці ёсьць ў Беларусі ВІЧ-тэрарызм? Якая наагул сытуацыя па ВІЧ-інфэкцыі?
На верасень кумулятыўнае чысло ВІЧ-інфікаваных – 6749 чалавек. Больш за дзьве траціны гэта мужчыны, траціна – жанчыны. З пачатку году зарэгістравана 486 новых выпадкаў. Лідуе па-ранейшаму Гомельская вобласьць – 3754 выпадкі, на другім месцы – Менск, 972 ВІЧ-інфікаваных. Асноўны шлях перадачы інфэкцыі – праз ін’екцыі наркатычных рэчываў (больш за 68 адсоткаў). Але павялічваецца і колькасьць інфікаваных палавым шляхам – за 8 месяцаў амаль 54%.

Беларусь выглядае значна лепш за суседнія Украіну, дзе 151 ВІЧ-інфікаваны на 100 тысяч насельніцтва, і за Расею – 216 на 100 тысяч. У Беларусі 69 інфікаваных на 100 тысяч насельніцтва.

Што тычыцца выпадку ў Барысаве і сьцьвярджэньняў, што адна дзяўчына заразіла ВІЧ больш за 30 чалавек, гэта значна перабольшана. Сапраўды, год таму, летась у кастрычніку ў Барысаве было забойства маладой дзяўчыны, якую забіў былы партнэр быццам бы за тое, што яна ўзнагародзіла яго інфэкцыяй. Злачынства раскрылі, забойцу асудзілі на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Калі б выявілі адразу 3 дзесяткі заражаных, як сьцьвярджае аўтар артыкулу, абавязкова б праводзілася эпідэміялягічнае расьсьледаваньне. Гаворыць загадчыца аддзелу Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Лілія Мялешка.

(Мялешка: ) “Да нас з Барысава інфармацыі пра тое, што было заражана шмат людзей, не паступала. У Барысаве ёсьць адмыслоўцы, якія гэтым займаюцца, яны б паведамілі ў абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, той бы інфармаваў наш, рэспубліканскі цэнтар. І, натуральна, праводзілася б эпідэміялягічнае расьсьледаваньне. Ніякіх званкоў, ніякай інфармацыі, ніякіх дадзеных на гэты конт не паступала”.

Падчас расьсьледаваньня, сьцьвярджаецца ў артыкуле, удалося выявіць яшчэ 14 сэкс-партнэраў забітай жанчыны. Але іх было ня менш 30 – маўляў, тая помсьціла мужчынам. Адмыслоўцы сьцьвярджаюць, гэта зусім не азначае, што ўсе ейныя партнэры былі ВІЧ-інфікаванымі. Тлумачэньне загадчыцы аддзелу Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД Ліліі Мялешкі.

(Мялешка: ) “Павінна быць і пэўная колькасьць вірусу, і пэўная колькасьць часу павінна прайсьці. Ня так проста заразіць. Ад уколаў наагул верагоднасьць заражэньня ад нуля да 90%. А ад аднаго ўколу ніколі ў жыцьці не заразісься. Павінна быць такая вялікая маса вірусу, каб заразіцца праз уколы! А полавым шляхам, будзем казаць шчыра, наагул невялікая верагоднасьць заразіцца. Невялікая. Але яна можа павялічвацца, калі ёсьць нейкія язвачкі, сьлізістая абалонка пашкоджаная, шмат полавых партнэраў было. А калі адзін раз – верагоднасьць практычна роўная нулю”.

Але гэта зусім не азначае, што пагрозы не існуе. Адмыслоўцы заўсёды папярэджваюць аб небясьпецы, групах рызыкі, адказных паводзінах. Чалавек сам павінен думаць пра сваё здароўе.