Польскія беларусы ідуць на выбары пад чужымі сьцягамі

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёлета на парлямэнцкіх выбарах, якія адбываюцца ў Польшчы, прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасьці не бяруць удзел у якасьці асобнай палітычнай сілы, як гэта было падчас мінулых выбараў.
У сытуацыі, калі ў выбарах як асобная палітычныя сіла не бярэ ўдзел Беларускі выбарчы камітэт, на першы плян выходзіць Саюз левых дэмакратаў – традыцыйна папулярная сярод беларусаў палітычная сіла. Ад яе на Беласточчыне балятуюцца трое беларусаў – вядомы праваслаўны дзеяч Яўген Чыквін, які займае высокае другое месца ў партыйным сьпісе, а таксама Ежы Палуяновіч і Ян Сычэўскі – вядомы сваімі сымпатыямі да цяперашняга беларускага палітычнага ладу.

Саюз левых дэмакратаў, аднак, сёлета, мае вельмі слабую падтрымку ў Польшчы, і можа здарыцца, што ніводзін з гэтых кандыдатаў не трапіць у Сойм.

Яшчэ трое кандыдатаў-беларусаў балятуюцца па адным ад сялянскай Польскай народнай партыі, ад Дэмакратычнай партыі і Сацыял-дэмакратычнай партыі. Усе гэтыя партыі, аднак, таксама маюць невялікія шанцы прайсьці ў парлямэнт.

У Сэнат як незалежны кандыдат балятуецца беларус Уладзіслаў Праховіч – шматгадовы журналіст Радыё Беласток, які, паводле назіральнікаў з-за сваёй папулярнасьці сярод слухачоў і сьціплай перадвыбарчай кампаніі, мае даволі неблагія шансы на перамогу.

Беларусы Беласточчыны не балятуюцца ад дзьвюх найбольш моцных правых партыяў “Закон і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа”, якія, хутчэй за ўсё, створаць наступны польскі ўрад.

Афіцыйныя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Польшчы будуць вядомыя ў аўторак, а папярэднія – у панядзелак раніцай.