У Залесьсі адзначылі 240-годзьдзе з дня народзінаў Міхала Клеафаса Агінскага

Ігар Карней, Залесьсе У мястэчку Залесьсе сёньня ладзяцца сьвяточныя імпрэзы з нагоды 240-годзьдзя з дня нараджэньня палітычнага і грамадзкага дзеяча, дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. У сядзібу Агінскіх прыехалі творчыя і мастацкія калектывы як з суседніх гарадоў (Смаргоні, Вілейкі, Маладэчна, Менску), так і з Польшчы, Літвы, дзе таксама існуюць музэйныя комплексы роду Агінскіх. Наш карэспандэнт Ігар Карней даведаўся, што ад наступнага году ў Залесьсі нарэшце пачнуцца рэстаўрацыйныя працы і адказныя за іх правядзеньне асобы абяцаюць, што 250-гадовы юбілей кампазытара пройдзе ў цалкам адноўленым маёнтку.
З раніцы ў капліцы залескай сядзібы роду Агінскіх прайшла імша ў гонар Міхала Клеафаса, якому 25 верасьня споўнілася 240 гадоў. Пасьля гэтага навуковы супрацоўнік будучага музэю Сяргей Верамейчык наладзіў гасьцям экскурсію па сядзібе і парку, які, дарэчы, моцна пацярпеў ад летняга ўрагану. Астатняя частка дня была аддадзеная ў распараджэньне калектываў народнай і клясычнай музыкі, якія на трох пляцоўках выконвалі як творы самога кампазытара, так і рэчы, характэрныя для эпохі, якая навечна ўславіла імя свайго сучасьніка, Міхала Клеафаса Агінскага – што, у сваю чаргу, і прадэманстравалі гледачам “Беларуская капэла” пад кіраўніцтвам Віктара Скарабагатава, “Польскі хор” і зь дзесятак самадзейных калектываў. З пэўнай мэтай прыехалі ў Залесьсе і прадстаўнікі Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЭСКА: да юбілею Агінскага было прымеркаванае адкрыцьцё адмысловага інфармацыйнага цэнтру ў мясцовай школе. Кіраўнік камісіі Ўладзімер Шчасны, які гэтымі днямі ў Парыжы, асабіста прысутнічаць на імпрэзе ня змог. Але па тэлефоне адзначыў важнасьць падзеі.

(Шчасны: ) “Пры мясцовай школе з дапамогай ЮНЭСКА адкрываецца Цэнтар сучасных інфармацыйных тэхналёгій, адным з накірункаў дзейнасьці якога будзе стварэньне банку інфармацыі пра культурную спадчыну рэгіёну, у тым ліку і пра дзейнасьць дынастыі Агінскіх. Ну, і мы спадзяемся, што дзяржава выдаткуе значную суму грошай на тое, каб зрабіць у Залесьсі Цэнтар рэгіянальнай культуры”. Карыстаючыся момантам, я пацікавіўся: якія спадзяваньні сам спадар Шчасны пакідае наконт аднаўленьня сядзібы ў першародным выглядзе?

(Шчасны: ) “Я па жыцьці асьцярожны аптыміст, але скажу так: пасьля таго, як Мірскі замак быў уключаны ў сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА, пачалася даволі актыўная праца ў справе яго рэстаўрацыі. Мяркую, што такі лёс чакае і Залесьсе”.

(Карэспандэнт: ) “Як візуальна, дык сюды і аб’ектыўна меней трэба ўкладаньняў?”.

(Шчасны: ) “Канечне. Але, бачыце, цяпер шмат клопату па адраджэньню культурнай спадчыны – гэта і Нясьвіскі замак, і 200-годзьдзе Напалеона Орды, і 200-годзьдзе Дуніна-Марцінкевіча. На ўсё гэта патрэбныя значныя сродкі. Таму мы і імкнёмся прыцягнуць сродкі ЮНЭСКА, іншых міжнародных арганізацый”.

Як стала вядома, пляны на аднаўленьня сядзібы досыць сур’ёзныя. Як запэўніла кіраўніца Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Зінаіда Кучар, 250-годзьдзе выбітнага кампазытара грамадзкасьць адзначыць у цалкам адрамантаваным будынку.

(Кучар: ) “Рэстаўрацыя сядзібы пачынаецца ад новага году, дзесьці ад другога кварталу, таму што першы квартал – гэта зімовыя месяцы, і падчас зімы выконваюцца на ўсе працы. Таму дзесьці ад сакавіка пачнецца там рэстаўрацыя. Мяркую, гадоў пяць пойдзе на тое, каб адрэстаўраваць гэтыя аб’екты, стварыць экспазыцыю, запусьціць сядзібу і думаю да 250-годзьдзя мы прыдзём з сядзібай, якая будзе мець свае напрацоўкі. Яна, дзякуй Богу, і зараз гучыць і працуе, таму што слаўнае імя Агінскага гучыць усюды”.

Навуковы супрацоўнік музэйнага комплексу Сяргей Верамейчык апошнія 15 гадоў як можа набліжае чаканы момант пачатку рэстаўрацыі. Гэтак жа, як і ягоныя выхаванцы – удзельнікі тэатральнай студыі “Альтанка”. Прынамсі, у сваіх сьпевах яны не сумняюцца, што Агінскі зноў вернецца ў Залесьсе на правох гаспадара...



На здымках: 1. Капліца ў Залесьсі, дзе 25 верасьня адбылася імша ў гонар Міхала Клеафаса Агінскага. 2. Абяцаюць, што праз 10 гадоў архітэктурны ансамбаль паўстане “у першародным абліччы” (фота аўтара).