“Die Tageszeitung” скептычна ацэньвае будучыя праграмы “Deutsche Welle”

Алена Струвэ, Менск Нямецкае выданьне “Die Tageszeitung” прысьвячае адзін са сваіх сёньняшніх артыкулаў інфармацыйнаму праекту, які хуткім часам стартуе ў Боне на радыё “Deutsche Welle”. Паводле газэты, Эўразьвяз і “Deutsche Welle” хочуць пашырыць мэдыйную разнастайнасьць у Беларусі. Існуе аднак пікантная акалічнасьць, сьцьвярджае “Die Tageszeitung”: перадачы будуць выходзіць па-расейску, на мове, якую колішняя Расейская імпэрыя штучна насаджала ў Беларусі, каб зьнішчыць нацыянальную мову беларускага народу.
Як піша “Die Tageszeitung”, нацыянальнае беларускае тэлебачаньне і радыё па-ранейшаму на ўсіх каналах трансьлюе галоўным чынам Лукашэнку. Тым часам сытуацыя з правамі чалавека ў краіне пастаянна пагаршаецца. “Дзеля таго, каб беларускае грамадства знайшло свой шлях да дэмакратыі, насельніцтву неабходны доступ да свабодных мэдыяў”, — лічыць камісар па міжнародных зносінах Эўразьвязу Бэніта Фэрэра Вальднэр.

Зразумела, ва ўмовах манаполіі на СМІ ніхто не аспрэчвае важнасьці альтэрнатыўнай інфармацыі ў Беларусі. Тым ня менш, будучы інфармацыйны праект Брусэлю і радыё “Deutsche Welle” для Беларусі выклікае вялікую крытыку з боку эўрапейскіх парлямэнтароў, асабліва прадстаўнікоў новых краінаў Эўразьвязу. Паводле іхных словаў, даючы санкцыю на расейскамоўныя праграмы, Эўракамісія рызыкуе стаць хаўрусьнікам Масквы ў пытаньні русіфікацыі Беларусі.

Эстонскі дэпутат Томас Хэндрык Ільвэс бачыць у нацыянальных мовах адзін з галоўных інструмэнтаў у дэмакратызацыі ўсходнеэўрапейскіх краінаў: “Зразумела, у Беларусі ўсе разумеюць расейскую мову. Аднак ці можаце вы сабе ўявіць, што будзе азначаць для беларусаў, калі замежнае радыё пачне зьвяртацца да іх па-расейску?”

Фармат праекту (пяціразовы выхад на тыдзень з 15-хвіліннымі расейскамоўнымі перадачамі) у Брусэлі і Боне тлумачаць “абмежаванымі фінансавымі магчымасьцямі” і тым, што расейская мова ёсьць ня толькі другой нацыянальнай мовай, але і мовай міжнацыянальных зносінаў у 10-мільённай Беларусі. Але, як лічаць крытыкі будучага праекту, “менавіта дамінанта расейскай мовы ў беларускіх праграмах “Deutsche Welle” і адпавядае мэтам палітыкі беларускага аўтакрата. Ад пачатку свайго прыходу да ўлады Лукашэнка спрабуе ўсімі сродкамі перамагчы беларускую мову і культуру”.

“Die Tageszeitung” прыводзіць меркаваньне старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава адносна таго, што беларускае грамадзтва глыбока пакрыўджанае недахопам павагі з боку немцаў. Таксама газэта цытуе словы заснавальніка беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа (гэты ліцэй некалькі гадоў таму быў зачынены менскімі ўладамі менавіта за ягоную беларускасьць), паводле ягоных словаў, важны зьмест перадачаў і прафэсіяналізм тых, хто іх будзе рабіць.