На канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве крытыкуюць Беларусь

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве пачалася Х канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная пытаньням выкананьня абавязацельстваў у гэтак званым “чалавечым вымярэньні” – такі назоў маюць абавязацельствы краінаў-сяброў АБСЭ ў справах правоў чалавека і дэмакратызацыі. Ужо ў першыя хвіліны форуму, у якім бяруць удзел каля тысячы экспэртаў, палітыкаў і праваабаронцаў з 55 краінаў АБСЭ, былі ўзьнятыя пытаньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Прамаўляючы ў часе адкрыцьця канфэрэнцыі ад імя запрашаючага боку – польскага ўраду, намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Пятро Сьвітальскі заявіў, што дэмакратычныя перамены ва Ўкраіне, Грузіі й Кіргізстане пацьвердзілі слушнасьць ідэяў і прынцыпаў АБСЭ, а таксама сьведчаць аб няслушнасьці сьцьвярджэньня, што на постсавецкай прасторы ёсьць толькі адзін цэнтар уплыву, да якога цягнуцца ўсе краіны рэгіёну.

(Сьвітальскі: ) “Мы вельмі шчасьлівыя і задаволеныя трыюмфам дэмакратыі й закону ва Ўкраіне і адначасова вельмі занепакоеныя адсутнасьцю гэтых каштоўнасьцяў у іншага нашага суседа – Беларусі.

Апошнія падзеі ў гэтай краіне паказваюць, што ўзмоцнены перасьлед грамадзянскай супольнасьці, здушэньне апазыцыі і вольных мэдыяў працягваюцца. Мы рашуча асуджаем, сярод іншага, апошнія захады беларускіх уладаў супраць Саюзу палякаў Беларусі і ўмяшальніцтва дзяржаўных структураў у справы недзяржаўных арганізацыяў...

Пашырэньне каштоўнасьцяў свабоды і годнасьці немагчыма спыніць. Свабода, гэта справа часу, хаця, канечне, сама яна не прыйдзе”.

Спадар Сьвітальскі выказаў спадзяваньне, што праблема Беларусі будзе адкрыта і шчыра абмеркаваная ў часе канфэрэнцыі. Ягоную пазыцыю падтрымаў і афіцыйны прадстаўнік Кіргізстану, які прамаўляў пазьней. Між тым на выступ польскага міністра адразу адрэагавалі прадстаўнікі афіцыйнай беларускай дэлегацыі. Адзін зь іх, супрацоўнік МЗС Дзяніс Сідарэнка заявіў:

(Сідарэнка: ) “Проста дзіўна, як Польшча спрабуе ўласныя захады прадставіць на міжнародным узроўні, як парушэньне Беларусьсю абавязацельстваў АБСЭ. Гэта не Беларусь, а Польшча ўмяшалася ў дзейнасьць Саюзу палякаў Беларусі, інсьпіравала канфлікт у кіраўніцтве гэтай арганізацыі і маніпулявала правядзеньнем зьезду СПБ, парушаючы заканадаўства і статут”, – заявіў афіцыйны прадстаўнік Беларусі.

Штогадовая канфэрэнцыя АБСЭ, прысьвечаная “чалавечаму вымярэньню”, гэта хутчэй абмен думкамі й поглядамі на розныя надзённыя праблемы, а ня месца, дзе прымаюцца канкрэтныя радыкальныя рашэньні, але інфармацыя, якую атрымліваюць удзельнікі форуму, нярэдка мае вялікі ўплыў на далейшую дзейнасьць АБСЭ. Пашырыць сярод удзельнікаў канфэрэнцыі інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі, гэта галоўная мэта і прадстаўнікоў беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, што бяруць удзел у варшаўскім форуме.

Гаворыць прадстаўнік арганізацыі “Хэльсынкі ХХІ” Барыс Звозскаў:

(Звозскаў: ) “Перадусім гэта пашырэньне інфармацыі, праўдзівай інфармацыі ад праваабаронца, бо дзяржаўная дэлегацыя перадусім адстойвае дзяржаўны пункт гледжаньня. Мы таксама абменьваемся інфармацыяй і шукаем партнэраў для супрацоўніцтва – гэта асноўныя моманты”.

У канфэрэнцыі АБСЭ, якая працягнецца да 30 верасьня, у тыя дні, калі будуць абмяркоўвацца актуальныя для Беларусі праблемы – свабода слова, парушэньні правоў чалавека, выбары, возьмуць удзел таксама прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага хэльсынскага камітэту ды іншых недзяржаўных арганізацыяў.