Званіцу дзяруць, карчму крыюць

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Цяжка сказаць, калі нарадзілася гэтая прымаўка. Ці ня тым часам, калі царскія ўлады зьдзіралі медныя лісты з даху Полацкага базылянскага кляштару ды выпраўлялі ў Піцер. Было гэта ў сярэдзіне пазамінулага стагодзьдзя. Іхныя наступнікі-бальшавікі пайшлі далей – дзерлі званіцы ня толькі грэка-каталіцкіх, але й праваслаўных цэркваў. Будматэрыял разбураных бажніцаў, апроч іншых мэтаў, ішоў на пабудову чайных, закусачных ды іншых забягалавак.

Зрэшты, прымаўку званіцу дзяруць, карчму крыюць трэба разглядаць у шырокім кантэксьце, і я яе заўсёды згадваю, пабачыўшы пашарпаныя, трыццаць гадоў не рамантаваныя карпусы наваполацкай гарадзкой больніцы ды парослы густым хмызьняком падмурак недабудаванай дзіцячай клінікі. А вось што да корчмаў, дык зь імі ў Наваполацку поўны парадак, а дзьве новазбудаваныя рэстарацыі, паводле мясцовага друку, напоўніцу адпавядаюць эўрапейскім стандартам. Заўважым, што ў іншых гарадах і мястэчках рэгіёну, такіх як Вула, больніцы наагул пазачынялі. Ну а пра разьвіцьцё той жа нацыянальнай культуры няма й гаворкі. Сёлета ў Полацку нават традыцыйнае Скарынаўскае сьвята адмянілі.

Тут і Бог ад нас адвярнуўся, і храм наш апусьцеў, і пад яго высокімі скляпеньнямі лунае піўны дух і водгульле “Славянскага базару”, а на пытаньне, што робіцца ў Беларусі дзеля разьвіцьця нацыянальнай культуры, ёсьць адзін адказ: званіцу дзяруць, карчму крыюць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)