Аўстралійскі міністар: "Расея – гэта цяжкая і складаная краіна"

Сяргей Абламейка, Прага Гэтымі днямі ў Празе зь візытам знаходзіцца міністар замежных справаў Аўстраліі Аляксандар Даўнэр. Ён даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода і выказаўся ў ім па шырокім спэктры праблемаў – ад хвалі так званых “каляровых” рэвалюцыяў на постсавецкай прасторы і ўмацаваньня аўтарытарызму ў Расеі да пагрозы Аль-Каеды на адрас Аўстраліі.
Гаворачы пра рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кіргізстане Аляксандра Даўнэр сказаў:

(Даўнэр: ) “Урэшце людзі заўсёды будуць імкнуцца да больш свабоднай сыстэмы, бо гэта частка чалавечай натуры – імкнуцца самім вызначаць свой лёс. У выніку там, дзе людзі адчуваюць, што іх роля ў справах грамадзтва недастатковая, і яны адчуваюць патрэбу ў далейшым вызваленьні, яны пачынаюць так ці іначай агітаваць за гэта. Тое, што мы бачылі на Ўкраіне – клясычны прыклад гэтага. Людзі хочуць самі ўдзельнічаць у вызначэньні сваёй будучыні”.

Аб паўзучым аўтарытарызьме ў Расеі міністар замежных справаў Аўстраліі сказаў наступнае:

(Даўнэр: ) “Вы ведаеце, што Расея – гэта цяжкая і складаная краіна, і ёсьць шмат скаргаў на тамтэйшую сыстэму. І я магу толькі сказаць, што за апошнія некалькі гадоў Расея дамаглася вялікага прагрэсу, і мы спадзяемся, што так будзе і надалей. У кожным выпадку, людзі ў Расеі, паколькі яны робяцца больш заможнымі, захочуць адыгрываць і больш значную ролю ў кіраваньні грамадзтвам”.

11 верасьня ў распаўсюджанай відэакасэце ісламскія экстрэмісты загразілі тэрарыстычнымі нападамі на амэрыканскі горад Лос-Анжэлес і аўстралійскі Мэльбурн. Вось што сказаў пра гэта ў эксклюзіўным інтэрвію для нашага радыё міністар замежных справаў Аўстраліі Аляксандар Даўнэр.

(Даўнэр: ) “Мы праглядзелі касэту і зрабілі яе ацэнку. Яна выглядае сапраўднай, як і сапраўдным зьяўляецца чалавек, які на ёй запісаны. Аднак мы думаем, што рэальнае пытаньне ў ступені верагоднасьці –наколькі ён можа гаварыць ад імя яшчэ некага, а ня толькі ад свайго ўласнага. Нельга сказаць, што мы ў Аўстраліі цалкам далёкія ад праблемы тэрарызму. Пакуль што мы ня думаем, што тэрарыстычны напад на Аўстралію непазьбежны. Але ён можа здарыцца”.