Судовая справа ў Сьвіслачы: траіх мужчынаў падазраюць у рабаўладаньні

Міхал Карневіч, Горадня У Сьвіслацкім раёне Гарадзенскай вобласьці траіх грамадзян Рэспублікі Беларусь абвінавачваюць у тым, што яны эксплюатавалі людзей, катавалі іх і практычна ўтрымлівалі ў якасьці рабоў.
Паколькі справа перададзеная ў суд, якіх-небудзь падрабязнасьцяў праваахоўныя органы не паведамляюць. Вядома толькі тое, што затрыманыя цяпер знаходзяцца пад вартай, усе трое прыехалі ў Сьвіслацкі раён разам са сваімі сем’ямі з Кобрына на заробкі. З паходжаньня арыштаваныя мужчыны з Закаўказьзя, але ўжо з беларускім грамадзянствам, а жонка аднаго зь іх – цыганка.

Згодна з інфармацыяй у афіцыйных выданьнях, яны падманным шляхам прывезьлі з Кобрына траіх чалавек, адзін зь якіх непаўналетні і выкарыстоўвалі іх у якасьці рабоў – прымушалі працаваць за сябе, катавалі, а расплочваліся толькі тым, што кармілі бульбяной пахлёбкай.

Я пабываў ў сельгасгаспадарцы “Вердамічы” – тут жыў разам з сям’ёй і працаваў адзін з арыштаваных. Яго жонка і надалей працягвае працаваць на калгаснай фэрме. Дырэктар гаспадаркі Уладзімір Здановіч распавядаў, што кожны год зь Берасьцейшчыны да іх прыяжджаюць людзі на сэзонную працу, яны заключаюць дамову, гаспадарка забясьпечвае іх жыльлём, і людзі працуюць.

Яны звычайна цыганскага альбо каўкаскага паходжаньня, да іх часта прыяжджаюць сваякі, якія дапамагаюць ім працаваць. Сёлета дырэктар заключыў дамову толькі з адной сям’ёй, у астатніх траіх былі пратэрмінаваныя пашпарты і дамовы з імі не заключылі, але яны ўсё роўна працавалі на фэрме. Якіх-небудзь нараканьняў на іх працу дырэктар ня меў:

(У.Здановіч: ) “Вельмі добрыя работнікі. Ніякіх пытаньняў, ніякіх прэтэнзій".

Мясцовыя людзі, якія жылі побач і бачылі іх кожны дзень, у адзін голас казалі, што з імі размаўлялі толькі арыштаваны мужчына і ягоная жонка, астатнія віталіся, але ніколі ні аб чым не гаварылі. Якіх-небудзь нараканьняў на прыежджых яны не маюць. Вось, што кажа мясцовая жыхарка Тамара Шопік:

(Шопік :) “Гэтыя хлопцы, што рабілі, паздароваюцца з намі і ўсё. Баяліся гаварыць з намі”.

Жонка арыштаванага Ала перакананая, што яе мужа абвінавачваюць незаконна. Вось, што яна кажа:

(Ала: ) "Гэта ўсё яму сфабрыкавалі. Калі чалавека ў чым абвінавачваюць, яму павінны прад’явіць гэта абвінавачаньне. А мне, калі я зьвярнулася ў міліцыю, сказалі: выйдзі з кабінэту. Я лічу, што ўсё гэта незаконна”.

Больш падрабязна аб гэтай адмысловай справе, калі пачнецца судовы працэс. Ён прызначаны на 15 верасьня.