“Белорусскую деловую газету” зарэгістравалі пад новай назвай

Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства інфармацыі сёньня за некалькі гадзін да заканчэньня адведзенага Ўказам А. Лукашэнкі тэрміну перарэгістрацыі СМІ са словамі “беларускі” й “нацыянальны” ў назвах выпісала новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты пад назвай “БДГ. Деловая газета”. Спрэчка паміж Міністэрствам інфармацыі й рэдакцыяй наконт расшыфроўкі абрэвіятуры “БДГ” завяршылася на карысьць газэты.
Сёньня закончылася перарэгістрацыя СМІ са словамі “беларускі” й “нацыянальны” ў назвах адпаведна з Указам А. Лукашэнкі ад 31 траўня. “Усе выданьні, якія падавалі заяўкі на перарэгістрацыю, атрымалі новыя пасьведчаньні”, — паведамілі ў Мінінфармацыі.

(Супрацоўнік Міністэрства: ) “Хто падаў, — усе атрымалі. І ўсё”.

“БДГ” перарэгістравалі апошняй. Праблемы ўзьніклі пасьля таго, як Мінінфармацыі запатрабавала рэдакцыю расшыфраваць прапанаваны ёю варыянт назвы выданьня “БДГ. Деловая газета”. У рэдакцыі лічылі гэтае патрабаваньне незаконным і меркавалі, што Міністэрства шукае прыдзіркі, каб зусім не перарэгістраваць выданьня. Свой пункт гледжаньня на спрэчку выказвае галоўны рэдактар “БДГ” Пётра Марцаў.

(Марцаў: ) “Міністру інфармацыі было даведзена пажаданьне не рэгістраваць “БДГ”. Але пажаданьне пажаданьнем, а закон — законам. Яму не сказалі, як гэта зрабіць. І ўвесь гэты час ён імкнуўся высьветліць, хто дасьць загад, возьме на сябе адказнасьць. Зразумела, што хтосьці — гэта Адміністрацыя прэзыдэнта. Але адтуль ён ніякіх канкрэтных указаньняў не дачакаўся — прапанавалася ўзяць адказнасьць на сябе. Разумеючы, што закрыцьцё газэты выкліча вялікі рэзананс, ён цягнуў да апошняга моманту, чакаў распараджэньняў. Не дачакаўся — і зарэгістраваў”.

Пётра Марцаў лічыць, што перамога справядлівасьці часовая: наперадзе прэзыдэнцкія выбары, і ягоная газэта змушана будзе далей змагацца за сваё існаваньне, як і іншыя незалежныя СМІ Беларусі.

Пэсымізм рэдактара вынікае з таго, што газэту перасьледуюць з 2003 году: ёй было адмоўлена друкавацца на тэрыторыі краіны, наладжваць распаўсюд празь “Белсаюздрук” і пошту. Цяпер наклад выданьня складае 5 тысяч асобнікаў, і яна прадаецца распаўсюднікамі й у прыватных крамах.

Гаварыць пра нейкія асаблівыя творчыя пляны ў такіх умовах складана — зазначае Пётра Марцаў.

(Марцаў: ) “Нашы творчыя пляны як бы зьведзены да мінімуму: выпускаць прыстойны прадукт дастаткова невялікай колькасьцю журналістаў. І прадаваць яго”.

Акрамя таго, БДГ рэалізуе свой інтэрнэт-праект, зьбіраецца паправіць фінансавы стан рэдакцыі й аднавіць выхад уласнага дадатку “БДГ. Для служебного пользования”.

Гл. таксама • Чаму ня выйшла “Белорусская деловая газета”?