Улады ліквідоўваюць трэцюю па ліку царкву цягам месяца (фота)

Любоў Лунёва, Менск Пратэстанцкай царкве "Новае жыцьцё” пагражае ліквідацыя. Менгарвыканкам патрабуе, каб вернікі аддалі свой будынак дзяржаве. Пастар Вячаслаў Ганчарэнка адной з прычынаў канфлікту называе ўзмацненьне рэлігійнай нецярпімасьці з боку ўладаў. Вернікі пачалі акцыю пратэсту. Яны будуць заставацца ў храме бесьперапынна, зьмяняючы адзін другога. Сьвятар заявіў, што будынку добраахвотна не аддадуць.
“Царква новага жыцьця” зарэгістравана ў Мінюсьце ў 1992 годзе. Яна налічвае больш за 1 000 вернікаў. Храм пратэстантаў (былы калгасны кароўнік) знаходзіцца на ўскрайку Менску. Вернікі набылі яго ў 2002 годзе. Там разьмясьцілася й нядзельная школа.

Праблемы пачаліся пасьля прыняцьця новага Закону аб рэлігіі. Чыноўнікі Менгарвыканкаму паведамілі вернікам, што тыя ня маюць права зьмяніць мэтавага прызначэньня кароўніка, аднак жа, пры гэтым, трымаць кароў у межах гораду таксама нельга. Пастара й адміністратара царквы аштрафавалі на вялікія сумы.

Насупраць спрэчнага будынку ў вагончыку месьціцца праваслаўны храм, але гэта не выклікае прэтэнзіяў з боку ўлады.

Менгарвыканкам два тыдні таму пазбавіў Царкву зямельнага надзелу. Ад сёньняшняга дня вернікам прапанавалі пакінуць памяшканьне. Прыватную ўласнасьць перавядуць у дзяржаўную, пералічыўшы грошы на рахунак царквы. Такім чынам, з прычыны таго, што ў пратэстантаў ня будзе юрыдычнага адрасу, іхную суполку зьліквідуюць.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка называе некалькі прычынаў гэткай сытуацыі.

(Ганчарэнка: ) “Я лічу, што наша сытуацыя абумоўлена некалькімі прычынамі. Першая — ідэалёгія дзяржавы, якая аддае перавагу праваслаўнай канфэсіі. Другая — ня выключана, што чыноўнікі зацікаўлены забраць зямлю й будынак, каб на гэтым месцы пачаць будаўніцтва прыватных катэджаў. Трэцяя — небясьпечнае ўзмацненьне рэлігійнай нецярпімасьці”.

Дыякан “Царквы Новага жыцьця” Васіль Юрэвіч паведаміў Радыё Свабода, што вернікі пачалі бестэрміновую акцыю пратэсту. Яны будуць кругласуткава заставацца ў храме, зьмяняючы адзін аднаго.

(Юрэвіч:) “Ад сёньняшняга дня мы пачынаем акцыю пратэсту супраць гэтага рашэньня. Адні людзі будуць зьмяняць другіх. У храме будуць знаходзіцца кожны дзень, кожную гадзіну нашы людзі. Калі раптам нашы ўлады прыйдуць выганяць нас з нашага будынку з АМОНам і зь міліцыяй, — мы гатовы стаяць да апошняга. Мы гатовы зрабіць гэты крок, мы прынялі рашэньне. Мы ведаем, што з намі Бог, які нас падтрымлівае кожную хвіліну. Галоўны суд для нас — божы, галоўныя прынцыпы — біблейскія прынцыпы”.

Васіль Юрэвіч не выключае, што некаторыя вернікі могуць распачаць галадаваньне.

Міліцэйскае кіраўніцтва Маскоўскага раёну пагражае вернікам сілавымі мэтадамі, калі яны добраахвотна не пакінуць будынку.

Пратэстанты іншых суполак, а таксама габрэйскія арганізацыі выказалі падтрымку вернікам “Царквы Новага жыцьця”.