Эўразьвяз выказаў заклапочанасьць апошнім указам Аляксандра Лукашэнкі аб міжнароднай тэхнічнай дапамозе

Ул. інф. На думку краін-сяброў Зьвязу, новы ўказ можа "сур''ёзна перашкодзіць рэалізацыі вялікай колькасьці ўзаемавыгадных праграм". "Абмежаваньні могуць прывесьці да далейшай ізаляцыі Беларусі і адмоўна адбіцца на яе насельніцтве", – падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
Нагадаем, што новы ўказ усталёўвае забарону на атрыманьне і выкарыстаньне міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў антыканстытуцыйных мэтах. Згодна з указам, да міжнароднай тэхнічнай дапамогі аднесена дапамога ў форме арганізацыі і правядзеньня сэмінараў, канфэрэнцыяў і іншых грамадзкіх мерапрыемстваў.

У сваёй заяве Эўразьвяз пацьвярджае гатоўнасьць падтрымліваць насельніцтва і дэмакратызацыю Беларусі і зазначае, што тэхнічная дапамога краіне з боку Брусэлю робіцца "на карысьць абодвух бакоў". У дакумэнце адзначаецца, што мэта дапамогі – дапамагчы беларускаму ўраду прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязаньняў, у прыватнасьці, у рамках АБСЭ.

Эўразьвяз заклікаў Беларусь "перагледзець рэалізацыю новага ўказу, у прыватнасьці, па прычыне магчымых нэгатыўных наступстваў для грамадзян Беларусі".