Актывістаў “Кхмары” асудзілі на 15 сутак арышту за дробнае хуліганства

Алег Грузьдзіловіч, Менск Актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства. Грамадзянаў Грузіі па-ранейшаму ўтрымліваюць у ізалятары на менскай вуліцы Акрэсьціна. Тым часам гучаць розныя вэрсіі адносна таго, чаму грузінскіх актывістаў дагэтуль не дэпартавалі зь Менску.
Прысуд Георгію Кандэлакі і Луку Цуладзэ вынес адміністрацыйны судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Віктар Казак. Гэта адбылося сёньня, 29 жніўня. Грамадзяне Грузіі, як паведамілі ў судзе Маскоўскага раёну сталіцы, асуджаныя за дробнае хуліганства. Іх па-ранейшаму ўтрымліваюць у менскім ізалятары на вуліцы Акрэсьціна.

Нагадаем: Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ затрымалі 24 жніўня — нібыта для праверкі дакумэнтаў. Празь дзень ува ўправе КДБ па Менску й Менскай вобласьці заявілі, што актывісты “Кхмары” “ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі”, і таму іх вырашана дэпартаваць. Між тым, тэрмін дэпартацыі дакладна ня быў названы. 27 жніўня зь менскага аэрапорту адляцеў самалёт на Тбілісі. Аднак гэтай магчымасьцю дэпартаваць Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ ўлады не скарысталіся.

Чаму дагэтуль актывістаў “Кхмары” не дэпартавалі? Вядомы ў Беларусі апазыцыйны палітык Зьміцер Бандарэнка не выключае, што грузінскіх актывістаў катавалі, і таму цяпер трымаюць за кратамі.

(Бандарэнка: ) “Мы ведаем, што часта гэта робіцца, калі людзей зьбіваюць падчас захопу, падчас разгону акцыяў. А каб сьляды зьбіцьця прайшлі, іх кідаюць на 15 сутак ці нават болей за краты. Таму я цяпер і вылучаю гэтую вэрсію: грузінскіх грамадзянаў, магчыма, ці зьбілі, ці ўжывалі супраць іх катаваньні”.

Пакуль нікому не ўдаецца сустрэцца з грамадзянамі Грузіі, якія знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсьціна. У мінулую пятніцу, 26 жніўня, сустрэцца зь імі спрабаваў грузінскі дыплямат, які адмыслова прыехаў з Украіны. Але сустрэчы яму не дазволілі. Гэтаксама праваабаронцу з цэнтру “Вясна” Алесю Каліту не дазволілі перадаць актывістам “Кхмары” харчовую перадачу. За прычыну адмовы было названа тое, што на месцы няма кіраўніцтва ізалятару.

У панядзелак, 29 жніўня, з затрыманымі грамадзянамі Грузіі спрабаваў сустрэцца адвакат Павал Сапелка, зь якім была заключаная дамова на прававую дапамогу затрыманым. Аднак адваката да актывістаў “Кхмары” не дапусьцілі.

Грубым парушэньнем правоў суайчыньнікаў назваў утрыманьне ў менскім ізалятары Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ амбудсмэн Грузіі Созар Субары. Ён заявіў Радыё Свабода, што ад пачатку сочыць за сытуацыяй з затрыманьнем у Менску актывістаў “Кхмары”. Спадар Субары не выключае, што да вырашэньня лёсу Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ мае дачыненьне Аляксандар Лукашэнка.

(Субары: ) “Мяркую, што гэтым Лукашэнка хоча прадэманстраваць свае мускулы — паказаць, што ён не дазволіць ніякіх дэмакратычных зрухаў. Іншага не магу ўявіць”.

Дзяжурны ізалятару на Акрэсьціна заявіў мне, што затрыманых грамадзянаў Грузіі ніхто не зьбіваў. Пачуваюцца яны, паводле словаў дзяжурнага, добра.