Якой будзе апазыцыйная кааліцыя перад кангрэсам?

Алесь Дашчынскі, Менск Былы старшыня Савета рэспублікі Аляксандар Вайтовіч прапануе вынесьці на абмеркаваньне Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў рэзалюцыю пра легітымнасьць удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года. Як ідзе падрыхтоўка да кангрэсу, і ці прывядзе ён да кансалідацыі дэмакратычных сілаў?
Паводле Аляксандра Вайтовіча менавіта пра легітымнасьць удзелу Лукашэнкі ў выбарах трэба гаварыць усюды, у тым ліку і на кангрэсе дэмсілаў. Сваю пісьмовую прапанову спадар Вайтовіч накіраваў у аргкамітэт. Арганізатары кангрэсу адзначаюць гэта як станоўчы факт. Як й іншыя вядомыя асобы, Вайтовіч атрымаў запрашэньне для ўдзелу ў кангрэсе.

(Вайтовіч: ) "Спадару Вайтовічу, у другой палове верасьня дэмакратычныя сілы Беларусі маюць намер правесьці кангрэс, на якім мяркуецца разгледзець шэраг пытаньняў па далейшай дэмакратызацыі працэсаў, якія адбываюцца ў рэспубліцы. Аргкамітэт мае гонар запрасіць Вас прыняць удзел у яго працы і з гэтай нагоды просіць пацьвердзіць удзел, для чаго неабходна запоўніць прапанаваную анкету і даслаць яе. Цяпер толькі першы раз прачытаў гэты ліст, спраў нейкіх шмат."

Пакуль спадар Вайтовіч плянуе быць на кангрэсе, аднак ён адзначае, што гэты праект пабудаваны партыйнай часткай апазыцыі і пад яе партыйную частку. Таму выбар "адзінага" будзе выбарам партыйнай часткі апазыцыі. Ці азначае гэта, што можа ўзьнікнуць так званы "непартыйны" праект?

(Вайтовіч: ) "Я ўпэўнены, што трэба, каб узьнікла, таму што адзін апазыцыйны кандыдат, адзін прэтэндэнт у кандыдаты - гэта наагул вельмі дрэнна. Як кажуць, адзін у полі не воін. Гэта неабачліва -- рабіць аднаго."

Аляксандар Вайтовіч заяўляе, што, відавочна, будзе аб''яўлена пра вылучэньне яшчэ аднаго кандыдата ад апазыцыі.

(Вайтовіч: ) "Думаю, што хутка гэта будзе агучана, да кангрэсу. Вось тады ўбачыце."

Адкрываць падрабязнасьці і кола ўдзельнікаў гэтай непартыйнай альтэрнатывы спадар Вайтовіч адмовіўся. Тым часам наладзіць супольную працу з некаторымі палітыкамі, якія прэтэндуюць на ўдзел у выбарах ад апазыцыі, аргкамітэту даволі складана. Меркаваньне старшыні аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Бухвостава.

(Бухвостаў: ) "Адзінае, чым займаецца Аляксандар Казулін - адну партыю разбурыў, другую прылагодзіў і займаецца там міжпартыйнымі разборкамі, а канкрэтнай працы, накіраванай супраць дыктатуры, такой працы няма. Той, хто спрабуе весьці гэтую працу сыстэмна -- гэта толькі дэмакратычная апазыцыя. Кангрэс -- гэта адзін з этапаў у нашай барацьбе, які вызначыць парамэтры нашага руху далей."

Аргкамітэт плянуе правесьці яшчэ прыкладна 40 раённых сходаў. Абрана больш за 200 дэлегатаў на кангрэс. Удзельнічалі ў сходах амаль 4200 чалавек. Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, усе арганізацыйна-тэхнічныя пытаньні ў справе правядзеньня кангрэсу мусяць быць завершаныя да 10 верасьня.

(Лябедзька: ) "Хутчэй за ўсё кангрэс адбудзецца за межамі Беларусі, таму што адказ, які мы атрымоўваем ад уладных структур і уладальнікаў тых ці іншых памяшканьняў адзін -- "Не!" Таму прапрацоўваецца варыянт Кіева, рэзэрвовы варыянт -- Смаленск. І калі нічога не зьменіцца, усё застанецца так як яно ёсьць, то кангрэс пройдзе за межамі Беларусі і пройдзе напрыканцы верасьня -- напачатку кастрычніка".

Яшчэ да пачатку кангрэсу плянуецца заключыць палітычнае пагадненьне. Яно будзе адкрытае для падпісаньня ўсім палітычным сілам і вядомым асобам. Тлумачыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка.

(Вячорка: ) "Укладаньне і заключэньне палітычнага пагадненьня і плянавалася як заключная фаза падрыхтоўкі да кангрэсу дэмсілаў. Па выніках абласных і асабліва раённых сходаў высьветлілася, што гэта дзейсны і выніковы працэс, што да яго мае сэнс далучацца, падтрымліваць гэты працэс. Гэта датычыць як палітычных і грамадзка-палітычных арганізацый, так і асобных дзеячоў. Якраз дзеля таго, каб перад кангрэсам дасягнуць максымальнай шырыні будучай пашыранай кааліцыі і прадугледжана яго падпісаньне фактычна непасрэдна перад кангрэсам".