"Gazeta Wyborcza": Зьезд СПБ дакладна падрыхтаваны, вядома хто і калі будзе прамаўляць, хто прапануе якога кандыдата

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша сёньня пра працяг рэпрэсіяў супраць Саюзу палякаў Беларусі – гэтым разам пра крымінальную справу супраць чатырох актывістаў СПБ. Вядучыя польскія газэты адзначаюць, што гэтыя рэпрэсіі зьвязаныя з заўтрашнім зьездам СПБ, які ладзіць былое кіраўніцтва гэтай арганізацыі.
Польскія газэты пішуць, што шчучынская міліцыя ўжо аднойчы спыніла справу аб меркаваных пагрозах журналістаў Андрэя Пісальніка, Андрэя Пачобута і наместнікаў старшыні СПБ – Юзафа Пажэцкага і Веслава Кеўляка на адрас дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана.

“Rzeczpospolita” (а Андрэй Пісальнік супрацоўнічае з гэтай газэтай) адзначае, што рэпрэсіі супраць актывістаў СПБ, у тым ліку і аднаўленьне крымінальнай справы, узмацніліся менавіта напярэдадні зьезду, які ладзіць старое кіраўніцтва гэтай арганізацыі.

Элемэнтам падрыхтоўкі да суботняга зьезду называе абвінавачаньні на адрас чатырох актывістаў СПБ і „Gazeta Wyborcza”, бо, паводле штодзёньніка, уся размова Віктара Богдана з актывістамі СПБ запісаная на відэастужку польскім журналістам Марцінам Сьмялоўскім і вельмі лёгка давесьці, што ніякіх пагрозаў не было.

“У суботу прызначаныя дзяржаўнай адміністрацыяй дэлегацыі маюць аддаць уладу і маёмасьць СПБ асобам, лаяльным да рэжыму Лукашэнкі. Зьезд дакладна падрыхтаваны, вядома хто і калі будзе прамаўляць, хто прапануе якога кандыдата”, --адзначае „Gazeta Wyborcza”.

Паводле штодзёньніка, гэтым плянам маглі б пашкодзіць “непакорныя лідэры СПБ, згуртаваныя вакол спадарыні Борыс”, таму ўлады хочуць іх ізаляваць, так як былога старшыню арганізацыі Тадэвуша Гавіна, які атрымаў напярэдадні чарговыя 15 сутак арышту.