Намесьнік старшыні СПБ Веслаў Кеўляк атрымаў пастанову аб абвяшчэньні яго падазраваным у крымінальнай справе

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Гарадзенскую абласную ўправу міліцыі выклікалі намесьніка старшыні Саюзу палякаў Веслава Кеўляка. Яму ўручылі пастанову аб тым, што яго абвяшчаюць падазраваным па крымінальнай справе паводле артыкула 185 Крымінальнага кодэксу РБ.
У справе сьцьвярджаецца, што чатыры актывісты СПБ з Горадні змушалі дырэктара шчучынскага Дому польскага Віктара Богдана, пагражаючы яму расправай, каб ён выдаў ім ключы ад Дому польскага і пакінуў сваю пасаду.

Учора такую ж пастанову ўручылі журналісту Анджэю Пісальніку. У справе таксама фігуруюць намесьнік старшыні СПБ Юзаф Пажэцкі і журналіст Андрэй Пачобут. 185-ы артыкул прадугледжвае максымальнае пакараньне — да двух гадоў абмежаваньня свабоды або гэтак званай “хіміі”. Справа была распачата Шчучынскай раённай пракуратурай паводле пісьмовай заявы спадара Богдана.