Бітва за ўраджай не дайшла да прысядзібных участкаў

Казімер Яноўскі, Гомельскі раён Аб''яўленая ўладамі бітва за ўраджай на Гомельшчыне пакуль яшчэ не надта закранула прыватныя збожжавыя палеткі. У гэтым наш карэспандэнт Казімер Яноўскі пераканаўся ў вёсцы Калініна Гомельскага раёну.
У вёсцы Калініна мясцовыя жыхары сеюць шмат збожжавых культур – жыта, ячмень, пшаніцу. Бяз збожжа цяжка трымаць хатнюю жывёлу, а без яе наогул ня выжыць.

76-гадовая Настасься Пархоменка таксама пасеяла ячмень. Цяпер чакае, калі кіраўніцтва птушкафабрыкі, да якой адносіцца Калініна, распарадзіцца прыслаць камбайны і да вяскоўцаў:

(Пархоменка: ) “Яшчэ не прыяжджалі. Чакаем. Можа, заўтра камбайны прыедуць убіраць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці пасьпела ўжо збажына?”

(Пархоменка: ) “І перасьпела. Трэба ўбраць. Ячмень мой галовы схіліў, але яшчэ стаіць”.

Вяскоўцы сьцьвярджаюць, што ў іх яшчэ ніхто не малаціў збожжа на прысядзібных участках:

(Старавойтава: ) “У нашым Калініна ў людзей яшчэ не ўбіралі. Расказвалі, што ўчора пачалі жаць вяскоўцам у Цярэшкавічах. Там жа цэнтар, да начальства бліжэй. А ў Калініна мала працоўных, нам ужо ў апошнюю чаргу ўбіраюць”.

На агародзе ў яе пасьпела каля 15 сотак пшаніцы.

(Старавойтава: ) “Харошая пшанічка!”

(Карэспандэнт: ) “А колькі бяруць за зжатую сотку?”

(Старавойтава: ) “Казалі, сёлета будуць браць па 1800 рублёў за сотку. Дакладна не скажу, бо яшчэ ж не малацілі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта дорага для вас?”

(Старавойтава: ) “Хоць бы як-небудзь змалацілі – дорага ці ня дорага”.

Некаторыя вяскоўцы, не чакаючы абяцаных камбайнаў узяліся за косы. Апавядае Уладзімер Долбік:

(Долбік: ) “Касою сказіў жыта”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму камбайна не чакалі?”

(Долбік: ) “Пакуль таго камбайна дачакаесься… А жыта ўжо травой пабралася. Вымушаны быў касіць, каб травы меней было. У копы жыта паклаў. Камбайн прыйдзе, укіну, змалачу – і ўсё”.

Паводле некаторых падлікаў, на Гомельшчыне вясковыя жыхары на прысядзібных участках высяваюць каля 30 тысячаў гектараў збожжавых культур. На сёньня ўбрана толькі траціна прыватнай збажыны.