Пуцін хоча ведаць, калі ЗША выведзе войска з Іраку

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў Злучаныя Штаты і іх саюзьнікаў вызначыць тэрміны вываду войскаў з Іраку. На ягоную думку, гэта паспрыяла б большай актыўнасьці саміх іракцаў у будаўніцтве сваёй дзяржавы. Злучаныя Штаты імгненна адрынулі прапанову, заявіўшы, што яшчэ занадта рана пра гэта гаварыць.
Пуцін, які адмоўна ставіцца да ўварваньня ў Ірак сілаў кааліцыі на чале з ЗША, сваю новую заяву ў ірацкай праблеме зрабіў у Сочы пасьля сустрэчы з каралём Ярданіі Абдулом. Спачатку расейскі прэзыдэнт паўтарыў свой заклік склікаць міжнародную канфэрэнцыю ў ірацкай праблеме. Ён лічыць, што такі форум дапамог бы вярнуць мір на ірацкую зямлю. А затым пайшоў яшчэ далей, заявіўшы, што неабходна ўвогуле скласьці расклад вываду войскаў.

(Пуцін: ) "Лічым неабходным выпрацаваць графік паэтапнага вываду зь Іраку замежных войскаў. Многія іракцы, а мы пра гэта добра ведаем, успрымаюць дагэтуль гэтыя сілы як акупацыйныя".

На думку Ўладзімера Пуціна, хуткі вывад войскаў зь Іраку таксама паспрыяў бы ўдзелу ірацкіх паўстанцаў у палітычным працэсе краіны.

(Пуцін: ) "Рашэньне дадзенай задачы дазволіць быць далучанай да працэсу дзяржаўнага будаўніцтва значнай частцы ўзброенага ірацкага супраціву".

Злучаныя Штаты імгненна адрэагавалі на гэты заклік. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Шын Макормак падкрэсьліў, што гэта толькі б падбухторыла экстрэмістаў у Іраку.

(Макормак: ) “Я думаю, прэзыдэнт Джордж Буш ужо выразна выказаў пункт гледжаньня Злучаных Штатаў у пытаньні гарантаваньня бясьпекі ў Іраку. Калі ірацкія ўлады змогуць самі забясьпечыць мір і стабільнасьць у краіне, міжнародныя сілы, уключна з амэрыканскімі войскамі, будуць выведзеныя.”

Што тычыцца прапановы прэзыдэнта Расеі правесьці да канца году міжнародную канфэрэнцыю ў ірацкай праблеме, дык амэрыканскі прадстаўнік нагадаў, што Расея ў чэрвені ўжо прыняла ўдзел у падобным форуме ў Брусэлі, дзе ўсе ўдзельнікі выказалі сваю падтрымку Іраку.

Пуцін пасьлядоўна выступае супраць вайны ў Іраку, аднак, ён упершыню зрабіў такую выразную заяву пра вывад войскаў з краіны. Аналітыкі заўважылі, што гэтую заяву Пуцін зрабіў адразу пасьля выпрабаваньня у Баранцавым моры новых расейскіх міжкантынэнтальных балістычных ракет. Гаворыць расейскі палітоляг Яўгені Волк:

(Волк: ) “Паказальна, што заява была зробленая адразу пасьля вучэньняў Паўночнага флёту, дзе, што б там ні казалі, а адпрацоўваліся варыянты ядзернай вайны са Злучанымі Штатамі. Гэта відавочная дэманстрацыя сілы, і Пуцін паказвае, што ваенная моц Расеі павінна і можа трансфармавацца ва ўзмацненьне палітычнага ўплыву Расеі, незалежна ад таго, дзе вогнішча канфлікту знаходзіцца”.

У чацьвер Расея і Кітай пачалі беспрэцэдэнтныя аб''яднаныя вайсковыя манэўры. Гэта выклікае занепакоенасьць Злучаных Штатаў, што дзьве вялікія краіны могуць утварыць ваенны хаўрус.