Улады рыхтуюцца да паўторнага шостага зьезду Саюзу палякаў Беларусі

Міхал Карневіч, Горадня Як вядома, ён прызначаны на 27 жніўня ў горадзе Ваўкавыску. Прыхільнікі Анжалікі Борыс, якая была абраная старшынёй арганізацыі ў сакавіку, не прызнаюць паўторнага зьезду. Другі бок, які падтрымвае былога старшыню Тадэвуша Кручкоўскага, сьцьвярджае, што паўторны зьезд законны, і ён вырашыць усе праблемы. Прадстаўнікі улады ўпэўнена кажуць, што зь іх боку ніякага ўмяшаньня ў справы палякаў няма.
Апошнія тыдні прыхільнікі Анжалікі Борыс былі асуджаныя за рознага кшталту акцыі. Яшчэ працягваюць сядзець за кратамі Веслаў Кеўляк, намесьнік старшыні Саюза палякаў, Тадэвуш Гавін, першы старшыня і заснавальнік арганізацыі. Самую А. Борыс ці не штодзённа выклікаюць у міліцыю дзеля падазрэньняў у крадзяжы пячаткі. На мінулым тыдні зь Лідзкага спэцпрыёменіка выйшаў Анджэй Пісальнік, неафіцыйны прэсавы сакратар СПБ. Ён упэўнены, што падрыхтоўка да зьезду ня болей чым, фарс:

(А.Пісальнік: ) “Гэта адбываецца нават камічна, бо ў Забалоцкім аддзеле, у якім налічваецца 600 сябраў арганізацыі на сход прыйшло толькі некалькі чалавек. І яны вылучылі дэлегатаў на гэты зьезд – гэта фарс”.

Цікавую гісторыю распавядае і старшыня Наваградзкага аддзелу Саюзу палякаў Войтак Барадзін:

(Войтак Барадзін: ) “Я напісаў заяву, што здымаю зь сябе паўнамоцтвы старшыні. Але ўлада сама правяла гэты зьезд. Гаварылі, што там было каля 70 чалавек. Але ў гэта таксама цяжка паверыць, бо мне ужо падалі 15 заяваў на выхад з арганізацыі”.

Тым ня менш галоўны спэцыяліст Савету ў справах рэлігіі і нацыянальных меншасьцяў пры Гарадзенскім аблвыканкаме Ўладзімер Скрапко перакананы, што падрыхтоўка да зьезду вядзецца дэмакратычна, і ўлады ў гэта ня ўмешваюцца, а беларускае тэлебачаньне асьвятляе падзеі карэктна:

(Скрапко: ) “Гэты канфлікт раздуваецца польскімі СМІ і ўжо трактуецца як міжнацыянальны: паміж палякамі і беларусамі. Таму дзяржаўныя СМІ абавязаны інфармаваць людзей, рэальна, а ня так, як хацелася б польскім спэцслужбам”.

Старшыня Шчучынскага аддзелу СПБ Віктар Богдан, які падтрымлівае пазыцыю Тадэвуша Кручкоўскага, лічыць, што ўлада ня ўмешваецца ў іх справы, а канфлікт у арганізацыі перарос у палітыку, у той час, калі ў грамадзкай арганізацыі павінны займацца культурай і адраджэньнем мовы.

(Богдан: ) “Людзі пачалі гуляць (калі гэта можна назваць гульнёй) у палітыку. Калі гэта культурна-асьветніцкае таварыства, то адпаведна ў ім і павінны займацца тым, што прадугледжвае статут. А гульні ў палітыку ні да чога дабрага не прыводзяць”.

Відавочным застаецца пакуль толькі адно, што ад сакавіка, пасьля шостага зьезду СПБ, ні адзін бок не зьмяніў сваіх перакананьняў.