Жнівеньскі зарапад Пэрсэідаў: за гадзіну можна ўбачыць да 100 мэтэораў

Іна Студзінская, Менск У гэтыя дні – самы пік жнівеньскіх зорных дажджоў: уначы за гадзіну можна ўбачыць да 100 мэтэораў. Зарапад будзе доўжыцца да 17 жніўня ўключна. Жыхары Зямлі могуць любавацца зарападамі двойчы за год – у лістападзе Леанідамі і ў жніўні Пэрсэідамі.
Штогадовы жнівеньскі зарапад пачынаецца тады, калі Зямля ўваходзіць, так бы мовіць, у хвост камэты Суіфта-Тэмпэля. Сам зарапад доўжыцца амаль месяц – з апошняй дэкады ліпеня і да 20 дзён жніўня.

Назіраць паток мэтэораў лепш за горадам, дзе няма засьвятленьня неба, – прычым лежачы на зямлі. Лепш у полі, на лясной палянцы.

Зарапад, спаданьне зорак – гэта часта паэтычны вобраз, сьцьвярджае астраном, дырэктар Менскага плянэтарыюму Лаліта Думачова:

(Думачова: ) “Насамрэч гэта рэшткі камэты, касьмічныя пылінкі, часьцінкі, якія зь велізарнай хуткасьцю – дзясяткі кілямэтраў за сэкунду – пралятаюць праз шчыльныя слаі атмасфэры. Пры гэтым яны так моцна награваюцца, што згараюць. А нам здаецца, што зь неба падаюць зорачкі. Хаця рух зорак апісваецца законамі прыроды, і, на наша шчасьце, зоркі ня падаюць”.

Жнівеньскі паток мэтэораў назіраецца на фоне сузор’я Пэрсэя, таму і называецца Пэрсэідамі. Халодныя, ледзяныя глыбы – камэты – такія ж раўнапраўныя жыхары сусьвету, як і вялікія плянэты Сонечнай сыстэмы. І плянэты, і камэты рухаюцца вакол Сонца. Але камэты пэрыядычна набліжаюцца да Сонца. Што адбываецца далей, тлумачыць астраном Лаліта Думачова:

(Думачова: ) “Аснова камэты – ледзяная камлыга, замёрзлы газ, а Сонца – плязмавае, гарачае цела. Кожны раз камэта, калі падлятае да Сонца, пачынае выпарацца, і ў яе зьяўляецца вялікі прыгожы хвост. А аднойчы, рана ці позна, камэта памірае. Застаюцца касьмічныя часьцінкі, пылінкі, стопкі некаторых мэталаў. І пэрыядычна Зямля праходзіць праз такі прыгожы вір касьмічных пылінак. У нашым выпадку гэта камэта Суіфта-Тэмпэля: яна некалі таксама памерла, а яе рэшткі працягваюць віраваць, кружыцца, і яшчэ шмат разоў мы будзем бачыць вось такія прыгожыя Пэрсэіды”.

Жыхары Зямлі могуць любавацца зарападамі двойчы за год – у жніўні Пэрсэідамі і ў лістападзе Леанідамі. Пра Леаніды, дарэчы, вельмі прыгожа і паэтычна пісаў Уладзімер Караткевіч. Прыгажосьцю абодва зарапады вельмі падобныя, але жнівеньскі, летні, здаецца больш яскравым, эфэктным. Кажуць, калі бачыш зорачку, якая падае зь неба, абавязкова трэба загадаць жаданьне.

Дарэчы, цяпер стала вельмі модна набываць дзялянкі на іншых плянэтах. Больш за 2 мільёны зямлянаў ужо валодаюць кавалкамі Месяца, Марсу, Юпітэру. Паводле інфармацыі Месяцовага агенцтва – арганізацыі, што валодае правам продажу дзялянак на спадарожніку Зямлі Месяцы, там маюць маёмасьць былы прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр, кіназоркі Том Круз, Ніколь Кідман, Клінт Іствуд, Арнольд Шварцэнэгер, футбаліст Раналду, расейскія поп-зоркі Лайма Вайкуле, Алена Сьвірыдава, Юры Шаўчук.

Прадстаўніцтва Месяцовага агенцтва ў Беларусі паведаміла, што нашыя суайчыньнікі набылі ва ўласнасьць 118 надзелаў на Месяцы і 7 на Марсе.