Андрэй Пачобут: "Уладам ня ўдасца запалохаць сяброў Саюзу палякаў"

Міхал Карневіч, Горадня Зь Лідзкага спэцпрымальніка сёньня а 20-й гадзіне выйшаў на волю сябра Саюзу палякаў, рэдактар часопісу “Magazyn polski” Андрэй Пачобут.
Нагадаем, ён быў асуджаны на 15 сутак нібыта за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня ў Шчучыне. 3 ліпеня сяброў Саюзу палякаў, якія прыехалі ў Шчучын з канцэртам, не пусьцілі ў Дом польскі. Дзьверы былі зачыненыя нават перад генэральным консулам Польшчы ў Горадні Анджэем Крантоўскім. Канцэрт адбыўся на прыступках перад уваходам у Дом польскі. Гэты канцэрт і разглядаўся як "несанкцыяваны мітынг".

З такога самага абвінавачаньня адбывае яшчэ пакараньне Анджэй Пісальнік. Ён быў асуджаны на 10 сутак і заўтра таксама мае выйсьці на волю. Пару дзён таму зь Лідзкага спэцпрымальніка выйшлі на волю Юзаф Пажэцкі, намесьнік старшыні СПБ, і Мечыслаў Яськевіч, старшыня Гарадзенскага гарадзкога аддзелу СПБ.

Пасьля 15 сутак арышту Андрэй Пачобут выглядаў даволі бадзёра. Вось яго словы для Радыё Свабода:

(Пачобут: ) "Я адчуваю сябе нармальна, упэўнены ў сабе. Мэта гэтага арышту – запалохаць сяброў Саюзу палякаў. Я лічу, што гэтай мэты ўлады не дасягнулі. Аб гэтым сьведчыць той супраціў, які аказала арганізацыя, калі быў штурм і пасьля штурму сядзібы Саюзу палякаў. Цяпер мы надалей будзем думаць, як бараніць нашы законныя правы. Нас не зламалі".