За паэзію -- 25 гадоў сталінскіх лягероў

Галіна Абакунчык, Менск 9 жніўня, 95 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш. Грамадзкі аргкамітэт у справе сьвяткаваньня зарганізаваў урачыстую імпрэзу ў Зэльве —месцы апошняга жыхарства выбітнай паэткі. Падчас сьвяткаваньняў плянавалася адкрыцьцё мэмарыяльнай шыльды на помніку паэткі, які месьціцца ў двары Зэльвенскай царквы. Аднак мясцовыя ўлады зрабіць гэта не дазволілі.
За сваю паэзію й непрыхільнае стаўленьне да савецкай улады Ларыса Геніюш разам з мужам Янкам была асуджана на 25 гадоў сталінскіх лягероў. Але й за кратамі паэтка яднала вакол сябе беларускіх патрыётаў і натхняла вераю ў лепшую будучыню Беларусі – узгадвае адзін з ахвяр сталінскага тэрору й паплечнік паэткі ў лягерох Інты Іван Дудко.

(Дудко: ) “Безумоўна, яна нас лепш зьвязвала паміж сабой. Яна з аднаго лягеру ў другі пісала кожнаму, як мы казалі, — пілюлі для нас. Заклікала любіць Беларусь, пісала й вершы пра лепшую будучыню Беларусі. А мы яе нават называлі мамай і лісты пісалі, як маме. А яна нас, калі сустракала, дык абдымала, як сваіх сыноў”.

Але й пасьля вызваленьня савецкія ўлады перасьледавалі Геніюшаў: гвалтоўна ўтрымлівалі ў Зэльве й увесь час за імі сачылі. Вось як узгадвае тыя часы пісьменьніца Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) “Калі я, маладзенькая паэтка, прыяжджала да Ларысы Антонаўны ў Зэльву, я ведала, што за намі сачылі. Мне пасьля гэта давалі зразумець: тэлефанавалі й казалі, што не павінна да яе езьдзіць, калі хачу зрабіць сабе кар’еру. А я тады, дарэчы, у абкаме камсамолу працавала. Ужо тады, маладзенькай дзяўчынай, я разумела, што яна дае усім нам магутны зарад любові да Беларусі, і мне было вельмі горка, што ўлады гэтага не разумеюць. Гэтае, у нечым, наіўнае зьдзіўленьне засталося й сёньня. Хаця я цудоўна разумею, чаму не прымаецца гэтая любоў Ларысы Геніюш да Беларусі. Таму што яна не ўкладаецца у канцэпцыю былога Савецкага Саюзу й таго саюзу, да якога нас цяпер цягнуць. Мы — як нацыя — мусілі зьнікнуць, і Ларыса Геніюш гэтаму перашкаджала. Яна нібы перашкаджае й сёньня”.

Ларыса Геніюш так і не прызнала савецкай улады, што зьнішчыла ўсю ейную сям‘ю, не прыняла савецкага грамадзянства. За гэта ёй помсьцяць і пасьля сьмерці — кажуць прадстаўнікі грамадзкасьці. Толькі з дазволу царкоўных улад удалося ўсталяваць помнік Ларысе Геніюш у двары Зэльвенскай царквы. Але мэмарыяльную шыльду да 95-х угодкаў прымацаваць забаранілі. Кажа аўтар работы скульптар Алесь Шатэрнік.

(Шатэрнік: ) “На ўласныя ахвяраваньні зрабілі гэтую шыльду, паехалі туды, паставілі. Там напісана “Божа, беражы Беларусь. Ларыса Геніюш”. Кажуць, што, нібыта, калі яны былі ў лягеры, дык у іх была такая пошта негалосная, і Ларыса Геніюш выкарыстоўвала гэтыя словы. Якая там крамола? А як адкрыць — няма дазволу. А якога дазволу — ці царкоўных улад, ці сьвецкіх — невядома”.

Паводле спадара Шатэрніка, пакуль застаецца невядомым, хто й калі мусіць даць дазвол на ўсталяваньне мэмарыяльнай шыльды. Акрамя таго, прадстаўнікі грамадзкасьці неаднойчы зьвярталіся да ўлад з просьбай аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Гэтага, аднак, зроблена не было. Адзін з сустаршыняў аргкамітэту ў справе сьвяткаваньня юбілейных угодкаў паэткі, былы амбасадар Беларусі ў Японіі Пётар Краўчанка ў інтэрвію Свабодзе заявіў, што гэта будзе зроблена абавязкова, але не цяпер.

(Краўчанка: ) “Дзяржава павінна хоць і са спазьненьнем, але прынесьці свае прабачэньні Ларысе Геніюш, бо ніякіх крымінальных палітычных злачынстваў яна не рабіла. Гэта пацьвярджаюць і архівы Чэхіі, і ейная “Споведзь”. Але пра імкненьне да рэабілітацыі з боку цяперашніх улад гаворкі не ідзе. Прыйдзе час — і мы знойдзем адпаведную палітычную фармулёўку, каб вырашыць гэтае пытаньне”.

Паводле спадара Краўчанкі, грамадзкі аргкамітэт зьвярнуўся ў амбасаду Чэхіі з просьбай паспрыяць ушанаваньню памяці Ларысы Геніюш, усталяваўшы памятную шыльду на доме, дзе жыла сям’я Геніюшаў у Празе.

Грамадзкі аргкамітэт у справе сьвяткаваньня 95-х угодкаў Ларысы Геніюш плянуе таксама прэзэнтацыю кнігі “Каб вы ведалі”. Гэта зборнік эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, якую складаюць лісты паэткі да знаёмых і сяброў, а таксама малавядомыя вершы й фатаздымкі. Акрамя таго, да юбілейных угодкаў паэткі грамадзкая арганізацыя Беларуская музычная альтэрнатыва рыхтуе музычны зборнік песень, запісаных паводле вершаў Ларысы Геніюш.