У Беларусі зьявіўся новы часопіс “Планета”

Іна Студзінская, Менск У Беларусі зьявіўся новы грамадзка-палітычны часопіс “Планета” – яркі, каляровы, на глянцавай паперы. Галоўны рэдактар – Усевалад Янчэўскі, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, былы першы сакратар ЦК БПСМ. Чым адметны новы часопіс? І ці ёсьць наагул у Беларусі сур’ёзныя аналітычныя, грамадзка-палітычныя выданьні?
Першай спробай сур’ёзнага незалежнага аналітычнага часопісу ў Беларусі можна лічыць “Кур’ер”, які ў 1998 годзе пачаў выдаваць Ігар Гермянчук. “Кур’ер” выходзіць і цяпер, але непэрыядычна. Больш-менш пасьпяховым недзяржаўным праектам лічыцца эканамічны часопіс “Дело. Восток – Запад”. Ёсьць яшчэ “Архэ”, але ён культурніцкі.

Што да дзяржаўных выданьняў, шмат гадоў выходзіць “Беларуская думка”, але выглядае часопіс даволі сьціпла. Адміністрацыя прэзыдэнта выдае так званыя “ангельскамоўныя мэдыі” – часопісы “Горизонты” і "Belarus". Гэтыя, натуральна, каляровыя, ілюстраваныя, на выдатнай паперы, паліграфія шыкоўная.

Цяпер зьявілася яшчэ і “Планета”. Галоўны рэдактар Усевалад Янчэўскі кажа: гэта ў першую чаргу міжнародны часопіс, які будзе абмяркоўваць праблемы ўсясьветнай цывілізацыі. Я спыталася, дзе Ўсевалад Янчэўскі знайшоў журналістаў-міжнароднікаў высокай кваліфікацыі? І пачула ў адказ: ён “не арыентуецца на састарэлы прынцып штату”.

(Янчэўскі: ) “Самыя розныя аўтары. Прычым ня толькі беларускія. Мы ня будзем абмяжоўвацца рамкамі рэдакцыі часопісу, яна вельмі невялікая – 5 чалавек”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі не сакрэт, адкуль яны і хто, назавіце імёны”.

(Янчэўскі: ) “Гэта людзі, якія ажыцьцяўляюць тэхнічныя функцыі. Штатных журналістаў, якія працуюць у часопісе, магчыма, і ня будзе”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму ў гэтым нумары шмат ананімных матэрыялаў?”

(Янчэўскі: ) “Рэч у тым, што многія артыкулы носяць інфармацыйны характар. Вось мой твар – адкрыты абсалютна. Я пад любым матэрыялам часопісу магу падпісацца. Можаце мяне падпісваць хоць пад усе матэрыялы”.

Цікава, што першы пробны нумар “Планеты” выйшаў у траўні, але яго практычна ніхто ня бачыў. Другі – пару дзён таму, і хоць датаваны ён чэрвенем, расказваецца там пра выбухі ў Лёндане, што здарыліся 7 ліпеня.

У складзе рады часопісу – заснавальнікі, кіраўнікі “Белтрансгазу”, супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта, Інстытуту сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры Адміністрацыі, журналістка дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА. Куратар часопісу – намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі Алег Праляскоўскі.

Пералічу толькі загалоўкі ананімных публікацыяў: “ЗША абралі новую ахвяру. Ірану абвешчаны шах!”, “Эўратупік”, “Памаранчавая рэвалюцыя: як падманулі ўкраінцаў”, “Буш і бушызмы”, “Рэвалюцыя адмяняецца. У наступным годзе ў Беларусі амэрыканскіх паліттэхнолягаў чакае грандыёзны скандал”.

Першыя пару нумароў фінансуе заснавальнік – “Белтрансгаз”. І, натуральна, Адміністрацыя прэзыдэнта. Усевалад Янчэўскі перакананы, што ад жніўня яны запусьцяць рэкляму і стануць самаакупнымі.

Меркаваньне вядомага беларускага журналіста Рамана Якаўлеўскага:

(Якаўлеўскі: ) "Калі “Планету” будуць распаўсюджваць, як цяпер “Советскую Белоруссию", па цэнах гэта будзе папулярнае масавае выданьне. Насамрэч – фікцыя. Так што ці гэта “Планета”, ці “Обозреватель”, ці “Марс”, ці “Юпитер”, але няма, няма сур’ёзных, уплывовых, аўтарытэтных і папулярных выданьняў”.

Няма ў Беларусі, на жаль, нічога падобнага да расейскага часопісу “Итоги”, польскіх “Polityki” i “Wprost''у”, украінскіх “Корреспондента”, “Поступу” ды іншых, таму што ў Беларусі адсутнічае сапраўдны мэдыйны рынак. Няма сур’ёзных інвэстыцыяў, якіх вымагаюць такія праекты.

Вось меркаваньне выдаўца культурніцкага часопісу “Архэ” Валера Булгакава:

(Булгакаў: ) “Тут сапраўды вельмі заганнае кола. З аднаго боку, залучыць інвэстыцыі, якія дазволілі б выйсьці на самаакупнасьць, практычна немагчыма. З другога боку, інтэлектуальны рэсурс таксама вельмі абмежаваны. І з трэцяга боку, вельмі часта ў людзей нейкая пасіўнасьць, няма лёгкай, я б сказаў, “безуминки”, лёгкага вар’яцтва, якое б дазваляла займацца такімі праектамі. Выдавецкі бізнэс – гэта ня той бізнэс, дзе можна лёгка зарабіць вялікія грошы. Гэта той бізнэс, дзе можна атрымаць вельмі шмат гузакоў ад нашых уладаў”.